Белорусский портал в Казахстане

У беларускіх храмах павінны служыць перш за ўсё святары-беларусы



Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка 22 верасня ў Мінску на сустрэчы з членамі сінода Беларускага экзархата (БПЦ) Маскоўскага патрыярхату Рускай праваслаўнай царквы.

На думку кіраўніка дзяржавы, прадстаўнікі рэлігійных арганізацый у Беларусі павінны браць прыклад з БПЦ і рыхтаваць святароў з ліку беларускіх грамадзян.

"Тут павінны служыць беларусы, няхай іншаземцы і бязмежна адданыя нашаму народу і дзяржаве, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — З першых дзён свайго прэзідэнцтва я праводжу гэтую лінію, перш за ўсё ў дачыненні да каталікоў. І зрухі ашаламляльныя: вельмі шмат прыйшло святароў-беларусаў у каталіцкую царкву".

Ён таксама заявіў, што разлічвае на "больш глыбокую ўцягнутасць царквы ў сацыяльныя працэсы", якія адбываюцца ў краіне. Часта менавіта царква, на яго думку, дапамагае людзям сфармаваць адказнае стаўленне да жыцця і здароўя. "На чалавека, які самастойна не адольвае свае слабасці і залежнасці, голас святара часам робіць большы ўплыў, чым размовы з роднымі або намаганні медыкаў", — перакананы афіцыйны лідар.

Значным напрамак царкоўнай дзейнасці Лукашэнка назваў выхаванне моладзі і яе прыцягненне да ўдзелу ў розных сацыяльных праектах. Ён заявіў, што ў Беларусі "створаныя выдатныя ўмовы для вучобы і працы, вядзецца праца па падтрымцы таленавітай моладзі", аднак "перад грамадствам рэгулярна ўзнікаюць новыя задачы, у вырашэнні якіх неабходны больш актыўны ўдзел царквы".

"Я не скажу, што дзяржава і святары мала робяць, але трэба знайсці той далікатны падыход, які ўласцівы царкве ў гэтым працэсе, — сказаў Лукашэнка. — Яна павінна мець ініцыятывы, адукаваныя і высокамаральныя кадры. Таму дзяржава аказвае і будзе аказваць усямерную падтрымку духоўным школам БПЦ у падрыхтоўцы святароў. Так, як і іншым цэрквам".

Важна, каб "праваслаўная царква працягнула садзейнічаць умацаванню міжканфесійнай згоды ў Беларусі, дэманструючы ўзор цывілізаваных адносін", заявіў Лукашэнка. Пры гэтым ён адзначыў, што хоць БПЦ і займае вядучае месца ў жыцці краіны, ёсць і іншыя канфесіі.

"Мы заўсёды мірна існавалі дзякуючы разумнай, узважанай палітыцы дзяржавы і праваслаўнай царквы ў дачыненні да каталікоў і іншых вернікаў. Мая пазіцыя адназначная: нам дзяліць у гэтым свеце няма чаго. Вы як магутная, буйная канфесія павінны іншых паважаць і падтрымліваць", — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 22 верасня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/676/37036
Текущая дата: 26.12.2024