Белорусский портал в Казахстане

Афарызмы беларускіх пісьменнікаў з`явяцца на светлавым табло Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі



Пра гэта паведамілі ў НББ.

Мінчане і госці сталіцы 14 і 15 верасня напярэдадні і ў дзень святкавання Дня бібліятэк змогуць прачытаць цытаты вядомых людзей у беларускай гісторыі аб кнізе і значнасці чытання на знадворным электронным светлавым табло будынка Нацыянальнай бібліятэкі: "Добрая кніга заўсёды з`яўляецца лепшым сябрам у жыцці" (Максім Танк), "Ну, з чым, скажы, з якой каханкай магу я кніжку параўнаць?" (Пятрусь Броўка), "Ты зжылося з намі, бацькаўскае слоўца, як бы корань з дрэвам, як бы з небам сонца!" (Янка Купала), "З маленства люблю кнігу. Чытаць - гэта і праца, і свята" (Янка Брыль), "Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы" (Францыск Скарына), "Кнігі жывуць да тых часін, пакуль іх не толькі чытаюць, але і перачытваюць" (Якуб Колас).

Усе выказванні будуць выкананы ў форме графічных выяў. Іх можна будзе назіраць на электронным светлавым табло з 20.00 да поўначы.

Размяшчэнне віншаванняў і паведамленняў да знамянальных дат на светлавым табло ўжо стала добрай традыцыяй Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якая нязменна прымае ўдзел у асветных мерапрыемствах, прысвечаных прапагандзе чытання, кніг і роднай мовы.

14 верасня 2016, Мінск
Вікторыя Апанасёнак - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/677/36989
Текущая дата: 25.12.2024