Заяўкі на рэспубліканскі творчы конкурс сярод друкаваных і электронных СМІ "Моцная сям`я - моцная дзяржава" прымаюцца да 10 верасня, паведамілі ў Міністэрстве інфармацыі Беларусі.
У конкурсе могуць удзельнічаць СМІ, асобныя журналісты па прадстаўленні юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі СМІ. Прадстаўляюцца матэрыялы, якія апублікаваны ў друку або выйшлі ў тэле- ці радыёэфір з лістапада 2015 года па жнівень 2016 года.
Конкурс праводзіцца па намінацыях: "Лепшыя матэрыялы ў друкаваных рэспубліканскіх СМІ"; "Лепшыя матэрыялы ў друкаваных рэгіянальных СМІ"; "Лепшыя матэрыялы, якія выйшлі ў эфір рэспубліканскіх тэлевізійных або радыёвяшчальных СМІ"; "Лепшыя матэрыялы, якія выйшлі ў эфір рэгіянальных тэлевізійных або радыёвяшчальных СМІ"; "Лепшыя фотаматэрыялы ў друкаваных рэспубліканскіх СМІ"; "Лепшыя фотаматэрыялы ў друкаваных рэгіянальных СМІ".
Журы конкурсу вызначыць па 2 пераможцы ў кожнай намінацыі. Ім будуць уручаны дыпломы і грашовыя прэміі. Узнагароджанне адбудзецца на адным з мерапрыемстваў, прымеркаваных да Тыдня маці.
Як адзначылі ў Міністэрстве інфармацыі, для ўдзелу ў конкурсе прадстаўляюцца суправаджальнае пісьмо за подпісам кіраўніка рэдакцыі СМІ, апублікаваныя матэрыялы (арыгіналы або ксеракопіі), матэрыялы, якія выйшлі ў эфір тэлевізійных або радыёвяшчальных СМІ (на электронных носьбітах), фотаматэрыялы (на папяровых носьбітах).
Конкурсныя матэрыялы з паметкай "на конкурс "Моцная сям`я - моцная дзяржава" трэба накіроўваць у Міністэрства інфармацыі па адрасе: г. Мінск, пр.Пераможцаў, 11, каб. 406, 421.
Міністэрства інфармацыі сумесна з ГА "Беларускі саюз жанчын" праводзіць рэспубліканскі творчы конкурс сярод друкаваных і электронных СМІ "Моцная сям`я - моцная дзяржава" ў мэтах павышэння эфектыўнасці інфармацыйнага забеспячэння рэалізацыі задач дзяржаўнай дэмаграфічнай палітыкі, пытанняў умацавання прэстыжу інстытута сям`і як асновы дабрабыту грамадства і дзяржавы, прапаганды сямейных каштоўнасцей і традыцый.
Звязда, 12 жниўня 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/682/36591
Текущая дата: 25.12.2024