Пра ўнікальную знаходку праінфармавалі старшыню Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова.
Фрагменты будынка канца XVІ—пачатку XVІІ стагоддзя былі знойдзены падчас археалагічных раскопак на тэрыторыі музея «Палацавы комплекс «Мір».
У Карэліцкім раёне побач з Мірскім замкам упершыню праводзяцца археалагічныя пошукі на месцы, дзе калісьці быў размешчаны палац Святаполк-Мірскіх канца XІX стагоддзя. Работы вядуцца пад кіраўніцтвам старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ірыны Ганецкай.
У працэсе раскопак быў выяўлены цэлы шэраг важных археалагічных знаходак. Так, вышэйзгаданага будынка XVІ—XVІІ стагоддзяў няма ні на адной гістарычнай карце. Археолагамі былі знойдзены фрагменты кафлі, чарапіцы, сталовай керамікі, а таксама «цагліна-пальчатка», якая датуецца XVІ—XVІІ стагоддзямі.
Расчышчаны падмурак дома XІX стагоддзя, які належаў домакіраўніку, а таксама лесвіца. Ірына Ганецкая лічыць, што гэтая лесвіца, па ўсёй верагоднасці, знаходзілася ўнутры памяшкання. «Мяркуючы па планах будынка пачатку ХХ стагоддзя, палац быў крыжападобнай сіметрычнай формы: галоўны корпус выцягнуты, а з двух бакоў — прыбудовы. Дык вось гэтая лесвіца, хутчэй за ўсё, і з`яўляецца часткай адной з іх», — патлумачыла яна. Позні палац Святаполк-Мірскіх вырас, як цяпер высветлілася, на больш старажытным падмурку.
Падчас знаёмства з вынікамі археалагічных раскопак старшыня прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў падкрэсліў важнасць археалагічных работ, што праводзяцца, і іх значэнне для захавання гісторыі і культурнай спадчыны беларускага народа.
Названыя археалагічныя работы з`яўляюцца першым крокам у рэалізацыі Дамовы аб супрацоўніцтве паміж Інстытутам гісторыі НАН Беларусі і музеем «Палацавы комплекс «Мір». Дакумент быў падпісаны ў снежні 2015 года. На цяперашні момант археолагамі вывучана тэрыторыя больш чым у 200 квадратных метраў.
«Замкавы комплекс «Мір»— унікальны помнік нацыянальнай культуры Беларусі. У 2000 годзе Мірскі замак быў уключаны ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА.
Аўтар: Надзея Нікалаева
nіkalaeva@zvіazda.by
Звязда, 6 жніўня 2016
Звязда, 6 жніўня 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/683/36509
Текущая дата: 25.12.2024