Белорусский портал в Казахстане

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па факце смерці ў Гродне шасцігадовай дзяўчынкі пасля ўвядзення вакцыны



Пра гэта паведамляе прэс-служба СК Беларусі.

Упраўленнем Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці распачатая крымінальная справа па факце смерці шасцігадовай дзяўчынкі пасля ўвядзення вакцыны.

Справа распачатая на падставе часткі 2 артыкула 162 КК (неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскімі работнікамі, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента).

Прыблізна ў 16.00 31 мая ў дзіцячай паліклініцы № 1 Гродна пасля ўвядзення камбінаванай вакцыны супраць адру, паратыту і краснухі рэзка пагоршыўся стан шасцігадовай дзяўчынкі, жыхаркі абласнога цэнтра. Нягледзячы на аказаную медыцынскую дапамогу, яна памерла ў прысутнасці маці, паведамляе прэс-служба.

Следчыя правялі агляд месца здарэння. Канфіскаваныя ампулы з вакцынамі, выкарыстаныя ампулы і шпрыцы, а таксама медыцынскія прэпараты з кабінета прышчэпак. Да матэрыялаў крымінальнай справы далучаныя для вывучэння ўся медыцынская дакументацыя, фінансава-бухгалтарскія дакументы на атрыманне вакцын.

Прызначаныя судова-медыцынская і шэраг іншых экспертыз. Дапытваюцца медыцынскія работнікі паліклінікі, пацыенты.

Меры стрымання да медыцынскіх работнікаў не прымяняліся.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 1 чэрвеня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/686/35716
Текущая дата: 15.11.2024