У красавіку—маі 2016 года Міністэрства абароны Беларусі сумесна з рэдакцыяй газеты "Рэспубліка" і адміністрацыяй Фрунзенскага раёна Мінска правяло палявыя пошукавыя работы на тэрыторыі былога ваеннага гарадка Масюкоўшчына.
Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 21 чэрвеня начальнік упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Сяргей Варановіч, падраздзяленні 52-га асобнага спецыялізаванага батальёна знайшлі на гэтым аб`екце астанкі 147 ваеннаслужачых РСЧА, якія загінулі ў лагеры для ваеннапалонных Шталаг 352.
Па выніках раскопак і далейшых даследаванняў былі ўстаноўлены імёны трох загінулых. Гэта — чырвонаармейцы Шамрай, ураджэнец Днепрапятроўскай вобласці, Ізотаў, ураджэнец Омскай вобласці, і Бачарук, ураджэнец Цярнопальскай вобласці.
Урачыстае перапахаванне іх астанкаў адбудзецца 2 ліпеня. На гэта мерапрыемства збіраюцца прыехаць сваякі Ізотава і Бачарука.
Цяпер, як паведаміў Варановіч, працягваюцца пошукавыя работы на тэрыторыі былых могілак лагера ваеннапалонных Шталаг 324 у Гродне. Знойдзены астанкі 132 загінулых, устаноўлены звесткі аб двух чырвонаармейцах. Без уліку 2016 года за чатыры гады працы на гэтым аб`екце знойдзены астанкі 4.066 загінулых. Устаноўлены імёны 839 з іх.
Працягваюцца работы ў Барысаве, на месцы былых могілак лагера для ваеннапалонных Шталаг 382. Знойдзены астанкі 402 загінулых.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 21 чэрвеня 2016
Мінск, 21 чэрвеня 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/690/36009
Текущая дата: 26.12.2024