Белорусский портал в Казахстане

Наведвальнасць публічных бібліятэк павялічыцца на 20 працэнтаў да 2020 года



Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве культуры Беларусі.

Колькасць наведванняў публічных бібліятэк, у тым ліку аддаленымі карыстальнікамі, павялічыцца на 20 працэнтаў да 2020 года ў параўнанні з адпаведным паказчыкам 2015 года. Гэта прадугледжана дзяржаўнай праграмай "Культура Беларусі" на 2016-2020 гады.

Гэты мэтавы паказчык па прыросце колькасці наведванняў публічных бібліятэк, у тым ліку аддаленымі карыстальнікамі, адлюстроўвае эфектыўнасць дзейнасці бібліятэк па абслугоўванні насельніцтва, а таксама пашырэнне доступу да бібліятэчных электронных інфармацыйных рэсурсаў і паслуг з выкарыстаннем сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Значэнне паказчыка абумоўлена рэарганізацыяй сеткі бібліятэк у 2011-2015 гадах і дэмаграфічнай сітуацыяй у краіне. Сетка бібліятэк Беларусі налічвае каля 7,7 тыс. публічных і спецыяльных бібліятэк з аб`ёмам фонду каля 180 млн. экзэмпляраў. У веданні Міністэрства культуры знаходзіцца каля 37 працэнтаў бібліятэк краіны (2,9 тыс.).

У апошнія гады па прычыне сацыяльна-дэмаграфічных працэсаў адбываецца скарачэнне сеткі публічных бібліятэк у сельскай мясцовасці. Пры гэтым інфармацыйна-бібліятэчныя паслугі па-ранейшаму запатрабаваны насельніцтвам.

Так, па выніках 2014 года колькасць наведванняў склала 27 тыс. 141,5, у тым ліку і за кошт наведванняў у аддаленым (віртуальным) рэжыме. У сувязі з гэтым асаблівае значэнне набыла работа бібліятэк па фарміраванні электронных інфармацыйных рэсурсаў.

Ажыццяўляецца стварэнне і развіццё інфармацыйных сістэм і сэрвісаў агульнарэспубліканскага значэння: віртуальная чытальная зала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, служба электроннай дастаўкі дакументаў.

Далейшае развіццё атрымалі нестацыянарныя формы абслугоўвання, што пашырыла доступ насельніцтва аддаленых тэрыторый да культурных каштоўнасцей і інфармацыі, ведаў.

Стварэнню безбар`ернага асяроддзя садзейнічала аснашчэнне публічных бібліятэк тыфлаабсталяваннем для карыстальнікаў з парушэннем зроку.

Шырокі грамадскі рэзананс атрымалі такія традыцыйныя бібліятэчныя мерапрыемствы, як форум бібліятэкараў Беларусі, міжнародны кангрэс "Бібліятэка як феномен культуры", міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, рэспубліканскі конкурс "Бібліятэка - цэнтр нацыянальнай культуры" і іншыя.

Як падкрэсліваецца ў дзяржпраграме, актуальнай праблемай застаецца невысокі ўзровень інфарматызацыі бібліятэк.

Перспектыўнымі доўгатэрміновымі праектамі з`яўляюцца стварэнне Нацыянальнай электроннай бібліятэкі Беларусі, карпаратыўнай службы электроннай дастаўкі дакументаў на базе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, выкарыстанне ў дзейнасці бібліятэк воблачных тэхналогій.

21 красавіка 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/693/35309
Текущая дата: 15.11.2024