Белорусский портал в Казахстане

Падручнік-навігатар па арганічнай хіміі для 10 класа выкладзены ў адкрытым доступе на партале adu.by



Пра паведаміла прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Беларусі Юлія Барадун.

Новы тып электроннага вучэбнага выдання - падручнік-навігатар па арганічнай хіміі для 10 класа выкладзены сёння ў адкрытым доступе на партале adu.by.

У Нацыянальным інстытуце адукацыі ў рамках навукова-даследчага праекта па распрацоўцы мадэлі і макетнага ўзору падручніка-навігатара па арганічнай хіміі для ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі (навуковы кіраўнік - кандыдат фізіка-матэматычных навук Ігар Варакса) у 2015 годзе былі створаны: інварыянтная мадэль падручніка-навігатара для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, метадычныя рэкамендацыі для распрацоўшчыкаў такіх інавацыйных падручнікаў, макетны ўзор падручніка-навігатара з рэкамендацыямі па яго выкарыстанні ў адукацыйным працэсе.

"Электронны падручнік-навігатар уяўляе сабой важны элемент вучэбна-метадычнага комплексу новага пакалення. Ён значна пашырае магчымасці аператыўнага звароту да розных дыдактычных і кантрольна-вымяральных матэрыялаў, рэкамендаваных да выкарыстання ў адукацыйным працэсе", - адзначыла Юлія Барадун.

Высокую эфектыўнасць прымянення электроннага падручніка-навігатара ў адукацыйнай практыцы вызначаюць яго ключавыя параметры: гіпертэкставая аснова, мультымедыйнасць кантэнту, інтэрактыўнасць, кросплатформеннасць і інш. Так, гіпертэкставая арганізацыя матэрыялу дае магчымасць хутка перайсці да неабходнага раздзела, параграфа, слоўніка або да тэставых заданняў.

У выпадку неабходнасці можна выйсці па спасылцы на рэсурс аддаленага доступу, напрыклад, на сайт або партал, дзе размешчаны іншыя кампаненты вучэбна-метадычнага комплексу (хрэстаматыі, даведнікі, іншы дадатковы матэрыял).

Таксама можна паспрабаваць сябе ў мадэляванні якіх-небудзь працэсаў, калі ў падручніку змешчана віртуальная лабараторыя з адпаведнымі магчымасцямі.

Педагогі-практыкі могуць і самі запісаць міні-фільмы з дэманстрацыяй хімічных доследаў, якія ўвойдуць у змест новага вучэбнага дапаможніка.

"Навучальныя дапаможнікі новага пакалення, да якіх належыць і электронны падручнік-навігатар, ужо на этапе іх праектавання і распрацоўкі выклікаюць зацікаўленасць ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу: педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў", - падкрэсліла прэс-сакратар.

Закранаючы практыку выкарыстання новага тыпу падручніка, Юлія Барадун адзначыла, што дапаможнік "Арганічная хімія. 10 клас" (аўтары - Т.А. Калевіч, Вадз. Э. Матуліс, Віт. Э. Матуліс, І.М. Варакса) размешчаны ў фармаце EPUB на Нацыянальным адукацыйным партале. EPUB (ад англ. electronic publication) - фармат электронных кніг, распрацаваны Міжнароднай асацыяцыяй лічбавага кнігавыдання (International Digital Publishing Association).

Файлы фармату EPUB (у тым ліку электронныя навучальныя дапаможнікі) прызначаны для ўзнаўлення на мабільных устройствах з любой аперацыйнай сістэмай.

Пры адкрыцці файла ў фармаце EPUB (у гэтым выпадку - электроннага дапаможніка для навучэнцаў "Арганічная хімія. 10 клас") неабходна выкарыстоўваць адпаведныя праграмныя дадаткі.

12 красавіка 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/694/35144
Текущая дата: 15.11.2024