Белорусский портал в Казахстане

Дзяржава будзе старацца зрабіць максімум для вырашэння жыллёвых пытанняў грамадзян



Аб гэтым заявіў 7 красавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час гутаркі з прадстаўнікамі працоўнага калектыву Мінскага аўтамабільнага завода.

Адзін з работнікаў прадпрыемства сказаў, што на МАЗе больш як 3 тыс. чалавек маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, і пацікавіўся перспектывамі долевага будаўніцтва. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ёсць некалькі варыянтаў вырашэння гэтага пытання. У прыватнасці, жыллё можа быць пабудавана або за ўласныя фінансавыя сродкі грамадзян, або за сродкі прадпрыемства, або пры сумесным укладанні сродкаў работнікаў і прадпрыемства.

Таксама домабудаўнічыя камбінаты гатовы будаваць жыллё з мінімальнай рэнтабельнасцю для сябе 5 працэнтаў, у такім выпадку кошт аднаго квадратнага метра можа скласці каля $500.

"Што датычыцца сродкаў з бюджэту, то заўтра (выдзеліць іх.) не абяцаю. Ёсць чарга, і па ёй ідзе рух", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што дзяржава выдзяляла МАЗу з бюджэту сродкі на падтрымку прадпрыемства. "Таму, калі гаварыць аб тым, што на жыллё таксама трэба даць грошы, то трэба разумець, што гэтыя сродкі трэба забраць ва ўрачоў і настаўнікаў. Яны маюць заработную плату ніжэйшую, чым у сярэднім на МАЗе", - адзначыў Прэзідэнт.

"Магчымы і іншыя варыянты. Калі яны будуць прымальныя для бюджэту, я вас падтрымаю. Мы будзем старацца зрабіць максімум. Няхай генеральны дырэктар прадпрыемства разам з прафсаюзным камітэтам падумаюць, як зрабіць першыя крокі ў гэтым плане. Калі гэта будзе магчыма, мы вас падтрымаем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

7 красавіка 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/695/35094
Текущая дата: 15.11.2024