Полацкія ўлады адкрылі дабрачынны рахунак для рэстаўрацыі помніка літары «Ў».
Выдаткі складаюць 80 мільёнаў рублёў. Калі грошы будуць сабраныя, ужо ў чэрвені 2016 году мае адкрыцца адноўлены помнік.
Пра адкрыцьцё дабрачыннага рахунку для рэстаўрацыі помніка літары «Ў» стала вядома з адказу, які атрымала Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Грамадзкая арганізацыя ўжо зьвярталася да полацкіх уладаў летась. Тады выканкам спаслаўся на адсутнасьць сродкаў у бюджэце.
Што ўлады сапраўды зьбіраюць грошы, пацьвердзілі ў Полацкім райвыканкаме. Па словах Аляксандра Міхалевіча, намесьніка старшыні па архітэктуры і будаўніцтве, помнік мае быць адрэканструяваны ўжо ў чэрвені 2016 году.
Кошт усіх прац — 80 мільёнаў рублёў. За гэтыя грошы будзе створаны новы падмурак. Адрамантаваць стары, кажа Міхалевіч, немагчыма. Ён зроблены зь сілуміну — асаблівага мэталю, які не паддаецца рамонту. Сама літара «Ў» застанецца, а падмурак з надпісам будзе цалкам заменены на чыгунны.
У выканкаме разьлічваюць і на ахвяраваньні, а таксама шукаюць бюджэтныя сродкі для рэканструкцыі.
«Працуем у двух накірунках, — кажа Міхалевіч. — Калі насельніцтва, арганізацыі, дабрачынныя таварыствы пералічаць — дзякуй. Калі не, мы паралельна разглядаем пытаньне, як знайсьці сродкі зь бюджэту».
Цягам двух наступных тыдняў скульптар мае пачаць выраб формы для адліўкі. Потым яшчэ месяц сыдзе на новую адліўку. Таму ў чэрвені 2016 году адноўлены помнік мусіць зьявіцца на старым месцы.
Адзіны ў Беларусі помнік літары «Ў» быў усталяваны ў цэнтры Полацка ў 2003 годзе, калі тут праходзіў Дзень беларускага пісьменства. На ім выбітая цытата Рыгора Барадуліна «Ад Эўфрасіньні, ад Скарыны, Ад Полацка пачаўся сьвет». У 2014 годзе зьявіліся здымкі пашкоджаных літараў. У якасьці прычынаў называліся вандалізм, неахайная ўборка сьнегу з помніка зімой і «дэфармацыя зь цягам часу».
Радыё Свабода, 9 красавіка 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/695/35105
Текущая дата: 15.11.2024