Белорусский портал в Казахстане

У Гродне ў Ноч музеяў прапануюць знайсці скарбы і наведаць бюро сюрэалістычных даследаванняў



Захапляльныя вячэрнія праграмы правядуць музеі ў гістарычным цэнтры горада.

Гісторыка-археалагічны музей у Старым і Новым каралеўскіх замках правядуць мерапрыемствы ў гонар Міжнароднага дня музеяў 20 мая.

Да паўночы жадаючыя змогуць наведаць палацавую тэрыторыю, дзе разгорнуць праграму ў стылі сюрэалізму з работай сінема-салона, незвычайнага даследчага бюро, катаннем на рэтра-аўтамабілі, аквагрымам, модным паказам, дыскатэкай у стылі транс, майстар-класамі ад ролер-школы і квестам па Старым замку.

Тры музеі рыхтуюць цікавую агульную праграму 21 мая, у якой экскурсіі будуць пераплятацца з пазнавальнымі гульнямі, навучальнымі майстар-класамі, спектаклямі і канцэртамі.

Музей гісторыі рэлігіі прапануе даведацца аб тайнах інквізіцыі, убачыць самую вялікую ў Еўропе калекцыю "масак ганьбы". У яго старажытным дворыку правядуць майстар-клас па сярэдневяковых танцах, прапануюць згуляць у квест "У пошуках музейных скарбаў".

Тут жа пад адкрытым небам адбудзецца спектакль "Чароўны пярсцёнак" па матывах твораў Барыса Шэргіна ў пастаноўцы рэжысёра Алега Жугжды і выкананні акцёраў тэатра лялек.

У размешчаным побач Музеі гісторыі пажарнай службы ажывуць легенды старой вежы, а Музей турэмнага быту паказыча нервы на экскурсіі "Іншы свет". У Фарным касцёле падтрымаюць вечар канцэртам арганнай музыкі ў выкананні арганіста касцёла Бруна Тэрмена і салісткі Гродзенскай капэлы Марыны Горавай.

Арганізатары мерапрыемстваў абяцаюць узнагародзіць цікавым і пазнавальным баўленнем часу і яркімі ўражаннямі ўсіх, каму не спіцца".

20 мая 2016, Гродна
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/696/35609
Текущая дата: 27.12.2024