На тэрыторыі былога лагера смерці адбылася Міжнародная акцыя памяці.
Рота ганаровай варты, ваенны аркестр, сувораўцы... Безліч людзей сабралася ўчора на тэрыторыі былога лагера смерці «Трасцянец», каб ушанаваць памяць тых, для каго гэтае месца стала апошнім прытулкам. Гэтая важная і высакародная справа аб`яднала кіраўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, духавенства, прадстаўнікоў грамадскіх аб`яднанняў, палітычных партый, дыпламатычных місій.
У міжнародным маштабе трасцянецкая трагедыя прагучала літаральна нядаўна. На жаль, дагэтуль у еўрапейскай культуры памяці яна іграла другасную ролю. А між іншым, беларускі лагер смерці па колькасці ахвяр не саступае сусветна вядомым Асвенціму, Бухенвальду, Дахау, Равенсбруку. Па розных звестках, у Трасцянцы загінула ад 50 тысяч да 206 тысяч 500 чалавек.
— Беларусь, якая за гады вайны страціла кожнага трэцяга свайго жыхара, ніколі не забудзе тых жудасных падзей, — адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі. — Мы абавязаны захаваць і перадаць нашчадкам памяць аб ахвярах Другой сусветнай вайны, жудасныя падзеі якой ніколі не павінны паўтарыцца. Менавіта таму ў Трасцянцы ствараецца мемарыял памяці. Вылучаныя дзяржавай сродкі на яго будаўніцтва, жаданне ўнесці свой уклад ва ўвекавечванне памяці ахвяр нацызму выказала і міжнародная грамадскасць. Гэта не проста сяброўскі пасыл, гэта шчырая адданасць тым людзям, якія спрабуюць захаваць памяць аб тых страшных гадах. Мемарыял павінен стаць гістарычным аб`ектам, які раскрые антычалавечую сутнасць нацысцкай палітыкі ў стаўленні да мірнага насельніцтва Еўропы. Гэта будзе даніна памяці тым пакаленням, на якія абрынуліся ўсе нягоды і выпрабаванні XX стагоддзя, месца пакланення тых людзей, якім дарагія каштоўнасці гуманізму і мірнай будучыні.
Як перакананы пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Беларусі Петэр Дэтмар, лагер смерці «Трасцянец» увасабляе германскія злачынствы, здзейсненыя ў Беларусі. «Нам патрэбны такія месцы, як Трасцянец, — як месца памінання і памяці, а ў еўрапейскім разуменні, як месца сумеснай культуры памяці», — падкрэсліў пасол.
— Калі мы думалі аб ахвярах Трасцянца і Благаўшчыны, доўгі час гэта была адкрытая рана, паколькі там, дзе яны загінулі, не было мемарыяла, — адзначыў старшыня Дортмундскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра і Агульнага сходу ўдзельнікаў Мінскага МАЦ імя Ё. Рау Маціас Цюмпель. — У Германіі мы прыкладаем усе намаганні дзеля таго, каб гэтае месца стала вядома людзям. Таксама робім усё для таго, каб сабраць сродкі для канчатковага ўзвядзення мемарыяльнага комплексу. Гэтае месца неабходна сваякам ахвяр, іх нашчадкам — цяпер ім будзе дзе ўкленчыць у памяць аб загінулых.
Як лічыць настаяцель храма Усіх святых протаіерэй Фёдар Поўны, цяпер немагчыма нават уявіць той жах, які адбываўся некалі на гэтым месцы. «Але ў нас ёсць малітва і ўдзячнасць, а яшчэ ў нас ёсць памяць, — перакананы святар. — Памяць — гэта нітка, якая звязвае людзей, якія жылі тады і жывуць цяпер. Звязвае разам народ. І яшчэ нам патрэбны знакі — асаблівыя меткі памяці, па якіх, рухаючыся ў глыбіні гісторыі, мы і нашы дзеці будзем узыходзіць да жыцця, не баючыся расчалавечыцца».
Адной з такіх метак для будучых пакаленняў сталі тры вязы, пасаджаныя ўдзельнікамі акцыі памяці. Маладыя дрэўцы, якія з`явіліся на тэрыторыі былога лагера, сімвалізуюць прагу да жыцця і трываласць духу. Своеасаблівай меткай таксама сталі капсулы з зямлёй і попелам, прасякнутыя ўсімі жахамі трасцянецкай машыны смерці.
Сасуд з зямлёй папоўніў вольную нішу крыпты храма-помніка Усіх святых — менавіта тут працягнулася Міжнародная акцыя памяці. Падчас урачыстай цырымоніі прадстаўнікі чатырох рэлігійных канфесій нашай краіны прамовілі малітвы. Распачаў гэты шматнацыянальны малебен ганаровы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Філарэт. Гучалі святыя словы і на нямецкай мове. Хочацца спадзявацца, што такі зварот да прадстаўнікоў розных веравызнанняў і нацыянальнасцяў, якія палеглі ў Трасцянцы, быў пачуты.
Аўтар: Вераніка Канюта
kanyuta@zvіazda.by
Звязда, 19 сакавіка 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/697/34920
Текущая дата: 15.11.2024