Белорусский портал в Казахстане

На тэрыторыі Беларусі штогод рэгіструюць да 10 выпадкаў завознай малярыі



Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

25 красавіка — Сусветны дзень барацьбы з малярыяй. Гэтае захворванне выклікаюць крывяныя паразіты, якія перадаюцца ад хворага чалавека здароваму праз укусы камароў, пры пераліванні крыві або шпрыцавых ін`екцыях.

Згодна са звесткамі Міністэрства аховы здароўя, у 2015 годзе ў Беларусі былі зарэгістраваныя дзевяць выпадкаў захворвання, завезенага з Конга, Нігерыі, Судана, М`янмы, Індыі, Пакістана. У адным выпадку хворы не звяртаўся па медыцынскую дапамогу, што прывяло да смерці.

Спецыялісты нагадваюць, што малярыя шырока распаўсюджаная ў краінах Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, у тым ліку на тэрыторыі некаторых краін СНД (Азербайджан, Таджыкістан). Паводле ацэнак экспертаў, малярыяй штогод захворвае звыш 500 мільёнаў чалавек, з якіх прыблізна мільён паміраюць. Глабалізацыя гандлю, паездак, змены навакольнага асяроддзя і клімату, урбанізацыя прыводзяць да з`яўлення малярыі ў краінах, дзе яна раней была невядомая.

Чалавек, які выязджаў у краіны, дзе рэгіструюцца выпадкі мясцовай малярыі, рызыкуе захварэць ужо на другім тыдні знаходжання ў праблемным рэгіёне. Пагроза захоўваецца да 1,5 года пасля вяртання з эндэмічных па малярыі краін. Інкубацыйны перыяд — ад сямі дзён да месяца пры трапічнай малярыі і да трох гадоў пры іншых формах.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі і Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуюць усім беларусам, якія выязджаюць за мяжу, высветліць, ці ёсць у краіне выезду небяспека заражэння малярыяй, і ўзяць з сабой супрацьмалярыйны прэпарат у прафілактычных мэтах. Спецыялісты рэкамендуюць прымаць лекі ў прызначаных дозах і працягваць гэта рабіць на працягу чатырох тыдняў пасля выезду з небяспечнай зоны.

У краінах, дзе распаўсюджаная малярыя, неабходна прымаць меры засцярогі: выкарыстоўваць супрацьмаскітныя сеткі і рэпеленты.

Ірына Турчына, БелаПАН
Мінск, 25 красавіка 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/701/35328
Текущая дата: 28.12.2024