Белорусский портал в Казахстане

Сітуацыю з абаротам наркотыкаў удалося пераламаць, але супакойвацца рана



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 8 красавіка на нарадзе на тэму процідзеяння незаконнаму абароту наркотыкаў.

Прынятыя ў Беларусі сістэмныя меры ў сферы процідзеяння распаўсюджванню наркотыкаў далі магчымасць пераламаць сітуацыю на найбольш небяспечных напрамках, аднак падставы для насцярожанасці захоўваюцца.

"У нашай краіне, як ні ў якой іншай дзяржаве, створана выразная сістэма, якая вызначае не толькі галаўное ведамства, але і паўнамоцтвы ўсіх адказных дзяржаўных органаў і іншых арганізацый на гэтым напрамку. Настойлівасць і сістэмныя рашэнні ў сферы процідзеяння распаўсюджванню наркотыкаў сапраўды дазволілі пераламаць сітуацыю на найбольш небяспечных напрамках. Гэта выбіла ў наркадзялкоў глебу з-пад ног у пытаннях вырабу зелля, у прыватнасці з насення маку. Пастаўлена заслона распаўсюджванню спайсаў, што выратавала не адно маладое жыццё", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым, падкрэсліў Прэзідэнт, супакойвацца пакуль рана. Беларусь не ізалявана ад астатняга свету, і наркапагроза застаецца. Неабходна прааналізаваць сітуацыю і вызначыць, якія дадатковыя рашэнні патрэбны ў сувязі з гэтай праблемай.

"Мы заўсёды ганарымся тым, што наша краіна транзітная, мы атрымліваем ад гэтага пэўныя выгады. Але ў той жа час ёсць вялікі негатыў, і ён, на жаль, павялічваецца, асабліва ў сувязі з падзеямі ва Украіне", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка пры гэтым канстатаваў, што больш за ўсё наркотыкаў у Беларусь паступае з тэрыторыі Расіі.

"Мы гэта не проста фіксуем, а канфіскоўваем адпаведнае зелле ў наркаманаў і добра разумеем, адкуль усё гэта", - сказаў Прэзідэнт. Распаўсюджванне наркотыкаў - гэта бяда не толькі для канкрэтнага чалавека або сям`і, але і для грамадства ў цэлым, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Так, за два гады ад перадазіровак у Беларусі памерлі 80 чалавек.

"На жаль, паміраюць людзі не проста працаздольнага ўзросту, а моладзь, асабліва ад так званых спайсаў", - адзначыў ён. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што пры падрыхтоўцы дэкрэта нумар 6 "Аб неадкладных мерах па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў" ён даручаў стварыць у месцах пазбаўлення волі найбольш жорсткія ўмовы для вінаватых у нарказлачынствах.

Адпаведная работа праведзена, і на нарадзе плануецца абмеркаваць яе вынікі.

8 красавіка 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/703/35104
Текущая дата: 28.12.2024