Белорусский портал в Казахстане

Беларускі арнамент і сцягі краін упрыгожаць фірменны лагатып юбілейнага "Славянскага базару"



Юбілейны "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе ў другой палавіне ліпеня. Білеты на некаторыя канцэртныя праграмы паступяць у продаж ужо ў канцы зімы.

У аддзеле дызайну Цэнтра культуры "Віцебск" распрацавалі фірменны стыль юбілейнага, XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".

 "У юбілейны год хацелася перадаць атмасферу "Славянскага базару", на якім пануюць творчасць, яднанне і дружба. Асновай колеравай гамы стаў сіні - колер васілька, нязменнага сімвалу фестывалю. Лагатып афарбаваны белым, што сімвалізуе пачатак, абнаўленне, пераход на новы ўзровень. Люстраныя крышталі, бліскучыя шары з беларускім арнаментам і сцягамі краін, прадстаўнікі якіх удзельнічалі ў форуме мастацтваў, прыцягваюцца і злучаюцца ў адзінае цэлае - планету Фестываль", - раскрыла сакрэты галоўны мастак-дызайнер Дар`я Волкава.

Ва ўстанове культуры падкрэслілі, што фірменны стыль традыцыйна выкарыстоўваецца ў афармленні вонкавай рэкламы і відэакантэнту. Ён знойдзе сваё адлюстраванне таксама на білетах, плакатах, дыпломах, сувенірнай прадукцыі. 

10 лютага 2016, Віцебск
Алёна Ціханава - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/713/34292
Текущая дата: 26.12.2024