Белорусский портал в Казахстане

Больш як 100 удзельнікаў збярэ 1 - 4 снежня ў Мінску першы Еўразійскі форум маладых вучоных



Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнай акадэміі навук.

"У НАН Беларусі 1 - 4 снежня 2015 года пройдзе першы Еўразійскі форум маладых вучоных - YES-форум. Гэта будзе адно з буйнейшых навуковых мерапрыемстваў, якое рэалізуецца ў нашай краіне ў Год моладзі. Плануецца, што ў Мінск прыедуць амаль 100 удзельнікаў з 12 краін: дзяржаў СНД, а таксама Турцыі, Германіі, Славакіі", - растлумачылі ў прэс-службе.

У час форуму адбудзецца XII Міжнародная навуковая канферэнцыя маладых вучоных "Моладзь у навуцы". Цэнтральнымі фігурамі YES-форуму стануць маладыя вучоныя з краін - удзельніц ЕАЭС, перш за ўсё з Расіі, Беларусі, Казахстана і Арменіі.

На мерапрыемстве плануецца прадставіць найбольш буйныя міжнародныя і міждысцыплінарныя праекты, навуковыя распрацоўкі, якія рэалізуюцца з удзелам маладых вучоных.

"Таксама пройдуць выстаўка распрацовак маладых вучоных і круглы стол да 50-годдзя стварэння Савета маладых вучоных НАН Беларусі з удзелам кіраўнікоў СМВ РАН, НАН Арменіі, Фонду першага Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан - Лідара Нацыі", - адзначылі ў НАН.

У прэс-службе падкрэслілі, што асноўная мэта мерапрыемства - аб`яднаць на адной пляцоўцы маладых вучоных краін ЕАЭС, якія працуюць над буйнымі міждысцыплінарнымі праектамі, што накіраваны на вырашэнне глабальных, фундаментальных і прыкладных задач у навуцы. Такім чынам, у ходзе форуму будуць паказаны дасягненні ў розных галінах - ад аховы навакольнага асяроддзя да медыцыны. Фокус мерапрыемства сканцэнтраваны на навуковых прарывах, эканамічных і сацыяльных працэсах, якія працякаюць на фоне інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы. У ходзе работы форуму будзе выдзелена тры напрамкі: матэрыялазнаўства, навукі аб жыцці і сацыяльна-гуманітарныя навукі.

Першы Еўразійскі форум маладых вучоных быў прапанаваны Саветам маладых вучоных НАН Беларусі і падтрыманы ўсёй вучонай моладдзю краін ЕАЭС. Фармат прадугледжвае яго правядзенне адзін раз у два гады і ратацыю месца правядзення.

Наступнае мерапрыемства плануецца правесці ў Расіі.

27 лістапада 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/715/33390
Текущая дата: 16.11.2024