Вердыкт суда абвясціла суддзя Ала Скуратовіч.
Фігуранты "справы графіцістаў", разгляд якой завяршыўся позна ўвечары 29 студзеня ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска, аштрафаваныя: Вячаслаў Касінераў — на 30, Максім Пякарскі — на 40, Вадзім Жаромскі — на 50 базавых велічынь. Пры гэтым яны прызнаныя вінаватымі толькі ў пашкоджанні маёмасці, злоснага хуліганства ў іх дзеяннях не ўстаноўлена.
Раней, у ходзе сённяшняга пасяджэння, пракурор Уладзімір Сцяпурка прасіў пакараць Максіма Пякарскага штрафам 500 базавых велічынь, Вадзіма Жаромскага прыцягнуць да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў месцы адбывання, Вячаслава Касінерава — да паўтара года абмежавання волі без накіравання ў месцы адбывання.
Беларускія праваабаронцы, у выпадку рэальных тэрмінаў пакарання, гатовыя былі прызнаць актывістаў палітвязнямі.
Усяго па "справе графіцістаў" у судзе Фрунзенскага раёна Мінска прайшло тры пасяджэнні: 25, 26 і 29 студзеня. Увесь гэты час у будынку суда былі павышаны меры бяспекі — усіх жадаючых патрапіць у залу старанна абшуквалі сілавікі ў цывільным. У першы дзень, 25 студзеня, у памяшканні суда адбыўся інцыдэнт, падчас якога супрацоўнікамі АМАПа былі збітыя, а затым аштрафаваныя судом журналіст партала tut.by Павел Дабравольскі і грамадскія актывісты Максім Шыцік і Павел Сяргей.
На сённяшнім пасяджэнні стала вядома, што следства мела выняткі тэлефонных злучэнняў актывістаў з 1 мая па 17 жніўня мінулага года ўключна. Пракурор звярнуў увагу на разыходжанне паказанняў абвінавачваных падчас следства і на судзе, на што ўсе трое заявілі, што першапачаткова давалі паказанні пад націскам супрацоўнікаў ГУБАЗ. У прыватнасці, Жаромскі паведаміў, што яго ў СІЗА білі электрошокером.
Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі і Вячаслаў Касінераў былі затрыманыя 11 жніўня 2015 года. 20 жніўня ім выставілі абвінавачанне па ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства, учыненае групай асобаў), што прадугледжвае пакаранне да шасці гадоў пазбаўлення волі. Каля месяца ўсе трое знаходзіліся пад арыштам, затым іх вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе.
У дачыненні да Пякарскага абвінавачанне перакваліфікавалі з арт. 339 на арт. 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці), які прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, грамадскіх работ або арышту да трох месяцаў. Акрамя таго, з яго знялі абвінавачанне ў пашкоджанні білборда, але пакінулі абвінавачанні па двух эпізодах з нанясеннем графіці. Экспертыза графіці не выявіла ў малюнках прыкмет экстрэмізму.
Жаромскі абвінавачваецца па ч. 2 арт. 339 (хуліганства, учыненае групай асобаў) і арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) КК у сувязі з трыма эпізодамі справы: нанясенне надпісу "Беларусь мае быць беларускай" і нацыянальнага арнаменту, перакрэсленых сярпа з молатам і свастыкі, а таксама нанясенне на былой вайсковай часці надпісу "Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе..." з выявай сілуэта чалавека, які кідае бутэльку з запальнай сумессю. Жаромскі таксама абвінавачваецца ў пашкоджанні фарбай сацыяльнага банера з выявай супрацоўнікаў міліцыі па вуліцы Гарэцкага ў Мінску, што, паводле ацэнак следства, нанесла матэрыяльную шкоду ў 2,2 млн. рублёў.
Па справе Касінерава следчыя знялі абвінавачанне ў нанясенні графіці, але пакінулі эпізоды з псаваннем білборда, а таксама матэрыяльны ўрон, які графіцісты цалкам кампенсавалі. Канчатковае абвінавачанне Касінераву выстаўлена па ч. 2 арт. 339 (хуліганства, учыненае групай асобаў) і арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) КК.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 29 студзеня 2016
Мінск, 29 студзеня 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/715/34025
Текущая дата: 25.12.2024