Белорусский портал в Казахстане

Цэнтр штучнага інтэлекту прэзентаваны ў Мінску



Міжведамасны даследчы цэнтр штучнага інтэлекту прэзентаваны ў Мінску ў час XIV Міжнароднай канферэнцыі "Развіццё інфарматызацыі і дзяржаўнай сістэмы навукова-тэхнічнай інфармацыі" (РІНТІ).

"У праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ёсць вельмі цікавы пункт – інтэлектуалізацыя нашых вытворчасцей, нашай прадукцыі. Сёння канкурэнтаздольнасць любой тэхнікі, якая мае якасны праграмны прадукт, значна ўзрастае", - адзначыў першы намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі Сяргей Чыжык.

Паводле яго слоў, прэзентацыя цэнтра пацвярджае, што ў краіне ёсць магутны інтэлект для выканання пастаўленых задач. Сяргей Чыжык канстатаваў, што ў Беларусі ёсць спецыялісты, захопленыя маладыя людзі, гатовыя ісці ў нагу з сучаснымі навуковымі дасягненнямі.

"Думаю, калі мы будзем у эканоміцы рабіць стаўку на інтэлект, то ад гэтага толькі выйграем. Беларусь павінна быць вельмі высокаінтэлектуальнай краінай. У нас для гэтага ёсць усё", - запэўніў Сяргей Чыжык.

Міжведамасны даследчы цэнтр штучнага інтэлекту ствараецца на базе Аб`яднанага інстытута праблем інфарматыкі (АІПІ) і Інстытута фізіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ён прызначаны аб`яднаць намаганні спецыялістаў у галіне медыцынскіх, біялагічных, тэхнічных і фізіка-матэматычных навук для стварэння перадавых і канкурэнтаздольных тэхналогій штучнага інтэлекту.

Таксама ў ходзе канферэнцыі адбылася прэзентацыя Цэнтра тэхналогій электроннай дзяржавы, які ствараецца ў АІПІ НАН Беларусі з мэтай інтэнсіфікацыі правядзення даследаванняў і распрацовак у галіне тэхналогій электроннай дзяржавы ў Беларусі, а таксама выканання работ па навукова-метадычным і інфармацыйным забеспячэнні развіцця інфарматызацыі.

Канферэнцыя РІНТІ-2015 праводзіцца НАН Беларусі з удзелам Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, іншых ведамстваў, арганізацый і прысвячаецца аналізу стану і праблем развіцця інфарматызацыі і дзяржаўнай сістэмы НТІ ў Беларусі, распрацоўцы новых падыходаў да навукова-метадычнага забеспячэння развіцця інфарматызацыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і інфармацыйнай інфраструктуры, рэалізацыі Стратэгіі развіцця інфармацыйнага грамадства.

19 лістапада 2015, Мінск
Юлія Огнева - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/717/33294
Текущая дата: 16.11.2024