Белорусский портал в Казахстане

Электронны ўрад і лічбавая эканоміка стануць прыярытэтамі стратэгіі развіцця інфарматызацыі ў Беларусі на 2016-2022 гады



Плануецца стварыць адзіную сістэму верыфікацыі і развіваць інфраструктуру электронных ключоў.

Электронны ўрад і лічбавая эканоміка стануць прыярытэтамі стратэгіі развіцця інфарматызацыі ў Беларусі на 2016-2022 гады. Аб гэтым 3 лістапада ішла размова на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе абмяркоўваўся праект стратэгіі развіцця інфарматызацыі ў Беларусі на 2016-2022 гады.

Прэм`ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў адзначыў, што тэмпы развіцця электронных паслуг і пранікненне інфарматызацыі ва ўсе сферы і галіны дзейнасці адбываюцца недастаткова хутка. Гэты працэс залежыць у тым ліку ад фінансавання. Аднак неабходна інтэнсіфікаваць дзейнасць усіх дзяржорганаў у гэтым напрамку, падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада. Цяпер розныя паслугі інфармацыйнага характару ўкаранёны ў сферы аховы здароўя, занятасці, транспарту, прыродакарыстання, гандлі і іншых галінах.

Аднак працэсы інфарматызацыі неабходна паскорыць, падкрэсліў прэм`ер-міністр. Закранаючы тэму электроннага ўрада, Андрэй Кабякоў нагадаў, што, паводле ацэнкі ААН, у 2014 годзе Беларусь па ўзроўні гатоўнасці электроннага ўрада знаходзілася на 55-й пазіцыі сярод 193 краін, узняўшыся за два гады на шэсць пазіцый.

"Наша задача не ў замацаванні дасягнутых вынікаў, а ў далейшым паслядоўным развіцці", - сказаў ён.

Як растлумачыў міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў, праект стратэгіі развіцця інфарматызацыі на 2016-2022 гады прадугледжвае план канкрэтных мерапрыемстваў у розных галінах - сацыяльнай сферы, рэальным сектары, транспартнай галіне, банкаўскім сектары. Напрыклад, у ходзе рэалізацыі стратэгіі запланаваны поўны перавод медыцынскай дакументацыі ў электронны выгляд. Акрамя таго, стратэгія павінна садзейнічаць аптымізацыі ўзаемадзеяння дзяржавы і насельніцтва. У прыватнасці прадугледжваецца, што доля паслуг, якія аказваюцца дзяржаўнымі органамі ў электронным выглядзе, павінна складаць не менш за 75 працэнтаў. У цэлым электронны дакументаабарот у дзяржорганах павінен скласці не менш за 95 працэнтаў.

Паводле слоў Сяргея Папкова, плануецца стварыць адзіную сістэму верыфікацыі і развіваць інфраструктуру электронных ключоў. Асобнымі напрамкамі інфарматызацыі стане ўкараненне і развіццё 4G-сеткі.

3 лістапада 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/719/33148
Текущая дата: 15.11.2024