Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка 29 кастрычніка правёў нараду па ўдасканаленні ўмоў прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі малых, сярэдніх гарадоў і ў сельскай мясцовасці



Пра гэта паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў свой час было прынята сур`ёзнае рашэнне па стымуляванні бізнесу ў рэгіёнах, стварэнні там вытворчасцяў. У 2012 годзе быў прыняты дэкрэт № 6, у якім вызначаны льготы і прэферэнцыі для асоб, якія жадаюць размяшчаць вытворчасць у сельскай мясцовасці. "Паводле меркавання ўрада, надышоў час унесці пэўныя змяненні і дапаўненні", — сказаў Лукашэнка. 

Ён адзначыў, што дэкрэт існуе больш за тры гады, і пацікавіўся эфектам ад дзеяння гэтага дакумента. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў праінфармаваць, ці захаваецца ў выніку змяненняў скіраванасць дэкрэта на стымуляванне інвестыцый у вытворчасць і ці дастатковыя ўнесеныя змяненні для актывізацыі працэсу стварэння новых прадпрыемстваў у малых гарадах і сельскай мясцовасці. 

"Чаму надышоў час унесці змяненні?" — пацікавіўся ён у прысутных на нарадзе. 

Як быў праінфармаваны кіраўнік дзяржавы, рэалізацыя дэкрэта № 6 дала станоўчы вынік. Так, за два з паловай гады — з 1 ліпеня 2012-га па 1 студзеня 2015-га — колькасць суб`ектаў гаспадарання на тэрыторыі сярэдніх і малых гарадоў і ў сельскай мясцовасці павялічылася на 38%. Тут зарэгістравана больш за 35 тыс. арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў. У той жа час у буйных гарадах прырост склаў 2,6%. Пры гэтым рост суб`ектаў прадпрымальніцтва назіраецца ва ўсіх рэгіёнах. Лідарам стала Магілёўская вобласць, дзе колькасць суб`ектаў прадпрымальніцтва павялічылася амаль у два разы, у Гомельскай і Віцебскай — больш як у паўтара разу, у Мінскай і Брэсцкай абласцях — у 1,3 разу. 

Лукашэнка ў асноўным падтрымаў усе ініцыятывы ўрада, якія датычацца ўдасканалення норм дэкрэта № 6. Найбліжэйшым часам з улікам праведзенага абмеркавання базавыя палажэнні дакумента будуць дапрацаваныя і на працягу месяца прадстаўленыя кіраўніку дзяржавы. 

Паводле інфармацыі прэс-службы прэзідэнта, галоўная задача змяненняў — надаць новы імпульс дэкрэту № 6 з пункту гледжання стварэння новых працоўных месцаў, новых кампаній у малых гарадах, дзе адчуваецца значны недахоп ініцыятыў і ёсць залішняя колькасць працоўнай сілы.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 29 кастрычніка 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/720/33084
Текущая дата: 15.11.2024