Белорусский портал в Казахстане

Электронныя рэцэпты пачалі ўкараняць у паліклініках Мінска



Рэспубліканскі праект "Электронны рэцэпт" стартаваў у Мінску, паведаміў намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Аб`яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Лапіцкі.

Доследная эксплуатацыя аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы "Электронны рэцэпт" праходзіць на базе чатырох сталічных паліклінік 19-й, 29-й, 34-й і 39-й, а таксама аптэк дзяржаўнай аптэчнай сеткі РУП "Белфармацыя".

Усім пацыентам, якія знаходзяцца на медыцынскім абслугоўванні ў названых чатырох паліклініках, выдадуць пластыкавыя карткі, якія ў хуткім часе заменяць папяровыя рэцэпты. Электронны дакумент перадаецца мінчанам на бязвыплатнай аснове, а каб яго аформіць, неабходна мець пры сабе толькі пашпарт.

У дальнейшым усе назначэнні ўрача будуць запісвацца на электронную картку. Яе ж неабходна прад`явіць у аптэцы правізару, які, адсканіраваўшы штрых-код, убачыць на маніторы камп`ютара пералік выпісаных лякарстваў. Разам з тым, пакуль ідзе эксперымент, каб пазбегнуць праблем пры водпуску прэпаратаў па электронных рэцэптах прадугледжана абавязковае афармленне папяровых аналагаў.

У наступным годзе з дапамогай пластыкавай карткі таксама можна будзе запісацца на прыём да доктара праз інфакіёск або па інтэрнэце, скарыстацца паслугай інтэрнэт-выкліку ўрача дадому.

Асноўнымі распрацоўшчыкамі "Электроннага рэцэпта" выступаюць Аб`яднаны інстытут праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук і РНПЦ медыцынскіх тэхналогій, інфарматызацыі, кіравання і эканомікі аховы здароўя. Праектаванне сістэмы спецыялісты пачалі ў снежні мінулага года. Паводле слоў Уладзіміра Лапіцкага, праект рэалізаваны з улікам міжнароднага вопыту, а сама сістэма пабудавана на базе самага сучаснага ў свеце стандарту па абмене медыцынскімі данымі.

Пілотны праект завершыцца ў Мінску 15 лістапада. Плануецца, што да сярэдзіны 2016 года на электронныя рэцэпты пяройдуць усе ўстановы аховы здароўя сталіцы. Міністэрствам аховы здароўя таксама пастаўлена задача да канца наступнага года ўкараніць сістэму ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі.

30 верасня 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/725/32779
Текущая дата: 15.11.2024