Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі створана Аператыўная мытня, адна з мэтаў якой недапушчэнне ўвозу санкцыйных тавараў у Расію



Пра гэта паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт.

У структуры мытных органаў 3 лістапада створана Аператыўная мытня. Начальнікам мытні прызначаны Андрэй Кавальчук, які раней узначальваў упраўленне арганізацыі мытнага кантролю ДМК.

Як растлумачылі ў мытным ведамстве, рашэнне аб стварэнні Аператыўнай мытні прымалася з мэтай узмацнення працы па асобных кірунках дзейнасці мытных органаў. У першую чаргу гэта барацьба з трансмежавай кантрабанднай дзейнасцю і іншымі правапарушэннямі ў сферы мытнай справы, у тым ліку з выкарыстаннем форм і метадаў аператыўна-вышуковай дзейнасці.

Апрача таго, стварэнне Аператыўнай мытні накіраванае на аператыўнае ўзмацненне тэрытарыяльных мытняў падчас павелічэння груза- і пасажырапатокаў на канкрэтных участках мяжы; правядзенне раптоўных кантрольных мерапрыемстваў як у пунктах пропуску, так і ўнутры краіны з мэтай выяўлення і ліквідацыі супрацьпраўнай дзейнасці, у тым ліку карупцыйнай накіраванасці; павышэнне эфектыўнасці працы мабільных груп, аператыўнага рэагавання на наяўнае становішча і скаардынаванага правядзення спецыяльных мерапрыемстваў.

Таксама адной з задач у гэты перыяд застаецца "прыняцце вычарпальных мер па недапушчэнні ўвозу праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь санкцыйных тавараў у Расійскую Федэрацыю".

Як зазначаюць у ДМК, эфектыўнай мерай забеспячэння выканання санкцый з`яўляецца арганізацыя і правядзенне ўнутры Беларусі спецмерапрыемстваў сіламі мабільных груп мытняў. Перыядычна арганізоўваецца праца мабільных груп па ўсёй тэрыторыі краіны, у тым ліку блізу беларуска-расійскай мяжы.

Сёлета мытнымі органамі выяўленыя 650 правапарушэнняў па факце перамяшчэння тавараў санкцыйнай групы. Канфіскавана тавараў у колькасці большай за 2 тысячы тон на агульную суму амаль 37 млрд. беларускіх рублёў. Накладзены арышт на тавар у колькасці амаль 4 тысячы тон на агульную суму каля 28 млрд. рублёў.

Стварэнне Аператыўнай мытні дазволіць вывесці гэту працу на больш высокі якасны ўзровень, зазначаюць у ДМК.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 3 лістапада 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/727/33147
Текущая дата: 27.12.2024