Белорусский портал в Казахстане

Разам з расійскай распаўсюджвальніцай псіхатропаў затрыманыя чатыры мінскія саўдзельнікі



Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Мінску Аляксандр Герасімаў.

Разам з маладой расійскай распаўсюджвальніцай псіхатропаў, аб затрыманні якой нядаўна паведаміла ГУУС Мінгарвыканкама, затрыманыя чатыры мінскія саўдзельнікі.

У дачыненні да ўсіх затрыманых распачатыя крымінальныя справы. 

Паводле інфармацыі Герасімава, першапачатковымі следчымі дзеяннямі ўстаноўлена, што 23-гадовая падазроная працавала на ўладальнікаў інтэрнэт-магазіна, зарэгістраванага за межамі Беларусі, які спецыялізуецца на распаўсюджванні забароненых прэпаратаў у шэрагу краін. У яе абавязкі ўваходзіла набыццё псіхатропных рэчываў оптам і збыт больш дробнымі партыямі непасрэдным распаўсюджвальнікам. 

Падазроная была затрыманая падчас закладкі ў тайнікі курыльнай сумесі, больш за 270 г якой знойдзена ў яе пры асабістым надглядзе. Падчас вобыску ў арандаванай кватэры канфіскавана яшчэ 750 г псіхатропнага рэчыва ў выглядзе парашку. 

Падазроная дала паказанні, паведаміўшы аб месцазнаходжанні тайнікоў, у якія яна ўжо паклала кантэйнеры з псіхатропных рэчывам вагой два-тры грамы кожны. Рэалізуючы атрыманую інфармацыю, супрацоўнікі міліцыі на месцы злачынства затрымалі чатырох маладых людзей падчас вымання імі змесціва тайнікоў. 

Устанаўліваюцца акалічнасці ўчыненых злачынстваў, магчымае дачыненне падазроных да іншай супрацьпраўнай дзейнасці.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 9 верасня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/728/32598
Текущая дата: 15.11.2024