У вялікай канцэртнай зале Белдзяржфілармоніі 5 лістапада адбудзецца гала-канцэрт "Навекі люблю і памятаю", прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага кампазітара лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, народнага артыста БССР Юрыя Семянякі.
Юрый Семяняка паспяхова працаваў у розных музычных жанрах: напісаў больш як 300 песень, пяць аперэт, чатыры оперы, музыку да кінафільмаў. Вядучыя артысты беларускай эстрады 60-70-х гадоў, сярод якіх ВІА "Песняры" і "Верасы", Эдуард Міцуль, Нэлі Багуслаўская, Тамара Раеўская, выконвалі хіты Юрыя Семянякі — "Ты мне вясною прыснілася", "Явар і каліна", "Не за вочы чорныя", "Люблю цябе, Белая Русь".
Як паведаміла аўтар праекта музыказнаўца Вольга Брылон, у канцэрце "Навекі люблю і памятаю" прагучаць фрагменты з опер і аперэт Юрыя Семянякі, папулярныя песні і канцэртныя арыі. Сярод удзельнікаў канцэрта — зорка беларускай аперэты Наталля Гайда, салісты Нацыянальнай оперы Наталля Акініна, Уладзімір Громаў, Алена Сіняўская, а таксама Ядвіга Паплаўская, Аляксандр Ціхановіч, Ігар Задарожны, Марына Васілеўская, Андрэй Коласаў і іншыя артысты беларускай эстрады.
"Канцэрт пройдзе ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Казінца, а за дырыжорскім пультам будзе Аляксандр Высоцкі, — дапоўніла Вольга Брылон. — Спецыяльна да канцэрта дырыжор нашага аркестра Аляксандр Крамко падрыхтаваў відэасюжэт пра новую вуліцу сталіцы, якой прысвоена імя Юрыя Семянякі, і іншых знакавых для кампазітара мясцінах Мінска. Таксама будуць дэманстравацца архіўныя відэаматэрыялы".
Юрый Уладзіміравіч Семяняка — карэнны мінчанін, выпускнік Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі па класе кампазіцыі прафесара Анатоля Багатырова (1941), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Алеся Яновіч, БелаПАН
Мінск, 2 лістапада 2015
Мінск, 2 лістапада 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/728/33140
Текущая дата: 27.12.2024