Белорусский портал в Казахстане

Фільмы Віктара Турава пакажуць на кінатыдні ў Магілёве



Традыцыйны кінатыдзень "Тураўская восень", які прысвечаны памяці вядомага беларускага кінарэжысёра Віктара Турава, стартуе 25 кастрычніка ў Магілёве.

Аб гэтым паведамілі ў Магілёўскім дзяржаўным прадпрыемстве "Кінавідэапракат".

У фармаце мерапрыемства ў гарадскіх кінатэатрах пройдуць рэтраспектыўныя паказы фільмаў рэжысёра, адбудуцца творчыя сустрэчы, тэматычныя вечары з удзелам вядомых дзеячаў кіно, аднакурснікаў і калег па рабоце Віктара Турава.

Гасцямі "Тураўскай восені" стануць старшыня саюза кінематаграфістаў Беларусі Віктар Васільеў, рэжысёр і аператар Дзмітрый Зайцаў, вучань рэжысёра Аляксандр Анісімаў.

Па традыцыі адкрыццё кінатыдня адбудзецца 25 кастрычніка ў дзень нараджэння рэжысёра, а 26 кастрычніка ў 14.30 перад будынкам кінатэатра "Радзіма" пройдзе мітынг з ускладаннем кветак.

Віктар Цімафеевіч Тураў нарадзіўся ў Магілёве 25 кастрычніка 1936 года. Ён пачынаў на кінастудыі "Беларусьфільм", куды прыйшоў у 1959 годзе. Міжнароднае прызнанне Віктар Тураў атрымаў у 1965-м пасля стварэння свайго першага поўнаметражнага фільма "Праз могілкі" паводле аповесці Паўла Ніліна. За 37 гадоў творчага жыцця рэжысёр і сцэнарыст Віктар Тураў стварыў 26 фільмаў, многія з якіх адзначаны ўзнагародамі самых прэстыжных кінафестываляў. Так, мастацкі фільм "Праз могілкі" рашэннем ЮНЕСКА ў 1994 годзе занесены ў спіс 100 лепшых фільмаў свету. У абласным цэнтры на фасадзе кінатэатра "Радзіма" 29 кастрычніка 2003 года была адкрыта памятная дошка Віктару Тураву.

У Магілёве ёсць вуліца, названая ў яго гонар. Дні кіно, прысвечаныя беларускаму кінарэжысёру і сцэнарысту, народнаму артысту Беларусі (1979) і СССР (1986), лаўрэату Дзяржаўнай прэміі СССР (1984), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1996, пасмяротна) праходзяць у горадзе на Дняпры з 2001 года.

23 кастрычніка 2015, Магілёў
Сяргей Кулягін - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/729/33052
Текущая дата: 27.12.2024