Белорусский портал в Казахстане

Кнігі сучасных беларускіх пісьменнікаў не даходзяць да паліц бібліятэк



Такое меркаванне выказаў 14 студзеня на прэс-канферэнцыі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.

Бываючы ў рэгіянальных бібліятэках, Мікалай Чаргінец цікавіцца, якая колькасць кніг сучасных беларускіх аўтараў знаходзіцца ў іх распараджэнні. І несуцяшальным здаецца тое, што папаўненне адбываецца вельмі дрэнна. Задачай саюза, у прыватнасці, з`яўляецца папулярызацыя твораў беларускіх аўтараў, шырокае інфармаванне.

Адным са шляхоў можа быць арганізацыя рэйтынгу папулярнасці пісьменнікаў. Але якім чынам зрабіць найбольш дакладнае даследаванне, пакуль няма рашэння. З прапановай аб распрацоўцы методыкі пісьменнікі звярнуліся ў Акадэмію навук.

Самастойна ж Саюз пісьменнікаў Беларусі правёў невялікае даследаванне. Беларускія бібліятэкі прадаставілі інфармацыю аб колькасці кніг 48 беларускіх аўтараў і запытаў на іх на працягу двух гадоў. Колькасць запытаў склала каля 2,5 млн разоў. Гэта сведчыць, што цікавасць да твораў беларускіх аўтараў ёсць.

Цікавасць да беларускай кнігі ёсць і за межамі краіны. Некаторыя творы выдадзены ў Турцыі, Таджыкістане, Азербайджане, Кітаі і іншых краінах. У сваю чаргу творы замежных аўтараў публікуюцца ў Беларусі. 

Папулярызацыі кнігі садзейнічаюць таксама сустрэчы з пісьменнікамі ў калектывах. Беларускія пісьменнікі даюць парады юным аўтарам, якія навучаюцца ў літаратурных гуртках. Такіх дзіцячых гурткоў больш за 300 у Беларусі.

Чаканай падзеяй бягучага года Мікалай Чаргінец назваў XXII Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш. Тут беларускія аўтары змогуць паказаць свае работы, падзяліцца вопытам, сустрэцца са шматлікімі замежнымі гасцямі, завязаць кантакты і спланаваць новыя праекты.

14 студзеня 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/738/29061
Текущая дата: 19.05.2024