Белорусский портал в Казахстане

Армію трэба развіваць так, каб нікому не было цікава нават глядзець скоса ў наш бок



Аб гэтым заявіў 15 чэрвеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам міністра абароны Андрэя Раўкова.

Прэзідэнта праінфармавалі аб ходзе мадэрнізацыі беларускай арміі. Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што прыстасоўваць яе да ўмоў сучасных войнаў і выклікаў даводзіцца ўжо трэці раз. "Нікуды ад гэтага не дзенешся. Свет вельмі дынамічны, асабліва ў гэтым плане. Не ўлічваць сусветны вопыт вядзення сучаснай вайны мы не можам. У адваротным выпадку мы будзем ствараць "монстра" - армію, якая потым не зможа ваяваць. Не дай бог, калі гэта адбудзецца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Але мы заўсёды павінны мець гэта на ўвазе, таму што армія для гэтага і існуе, каб абараніць сваю краіну. А лепш развіваць армію так, каб нікому не было цікава нават паглядзець скоса ў наш бок, гэта значыць Узброеныя Сілы павінны быць магутнымі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнту даложана аб праблемных пытаннях мадэрнізацыі арміі, а таксама аб чарговых выпрабаваннях ракетных і іншых сістэм, якія ствараюцца для абароны тэрыторыі Беларусі.

15 чэрвеня 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/743/31523
Текущая дата: 15.11.2024