Белорусский портал в Казахстане

Падчас аперацыі "Бяспека" на чыгуначным транспарце міліцыяй адпрацавана амаль 1.500 аб`ектаў



Пра гэта паведамляе ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС.

У Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі падведзеныя вынікі спецыяльнай аперацыі "Бяспека" на чыгуначным транспарце. Яна праводзілася 2—6 чэрвеня з мэтай прадухілення няшчасных выпадкаў і дарожна-транспартных здарэнняў. 

На падрыхтоўчым этапе транспартная міліцыя і ДАІ аналізавалі аператыўнае становішча, вызначалі праблемныя пытанні і кірункі працы. Таксама было арганізавана ўзаемадзеянне з БЧ. 

Падчас асноўнага этапу "Бяспекі" ўвага надавалася выяўленню і ліквідацыі прычын і ўмоў гібелі і траўматызму людзей на пуцях, прадухіленню ДТЗ на пераездах і парушэнняў правіл, якія забяспечваюць бяспеку руху на цягніках і электрычках. 

Штодня на станцыях, прыпыначных пунктах і ў рухомых саставах рэтранслявалася інфармацыя пра неабходнасць выканання мер бяспекі на аб`ектах чыгуначнага транспарту. 

Супрацоўнікамі аддзелаў унутраных спраў на транспарце ва ўзаемадзеянні з інспектарамі ДАІ і работнікамі БЧ праведзена 36 прафілактычных акцый. Падчас рэйдаў адпрацавана амаль 1.500 аб`ектаў чыгуначнага транспарту, у тым ліку 633 станцыі і прыпыначныя пункты, 595 пераездаў і 238 перагонаў паблізу населеных пунктаў. 

Міліцыянерамі прадухілена 599 фактаў пераходу грамадзянамі пуцей ва неўстаноўленых месцах, затрымана больш за 360 чалавек, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап`янення. Большасць парушальнікаў прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці ў адпаведнасці з нормамі ч. 5 арт. 18.3 і арт. 17.3 КоАП. 

За ігнараванне правілаў праезду чыгуначных пераездаў (арт. 18.15 КоАП) да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 222 вадзіцелі. 60% такіх правапарушэнняў прадухілена падраздзяленнямі УУС Гродзенскага і Мінскага аблвыканкамаў. 

Акрамя гэтага, супрацоўнікі міліцыі абследавалі 526 пешаходных пераходаў і чыгуначных пераездаў, па выніках якіх у адрас кіраўнікоў аддзяленняў БЧ вынесена 10 прадстаўленняў аб ліквідацыі тэхнічных недахопаў. Накіравана 11 прапаноў па абсталяванні пераходаў прыладамі гукавой і светлавой сігналізацыі, а таксама па агароджванні траўманебяспечных перагонаў і станцый металічнымі канструкцыямі.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 12 чэрвеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/744/31495
Текущая дата: 14.11.2024