Больш як 200 чалавек былі задзейнічаныя ў ліквідацыі буйнога ляснога пажару, які здарыўся ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці.
Пажар быў выяўлены на мяжы зямель Лельчыцкага і Ельскага лясніцтваў падчас маніторынгу аператыўнага становішча Мазырскім авіяаддзяленнем РУП "Беллесавія", паведамляе прэс-служба МНС. Агонь прыйшоў з тэрыторыі Жытомірскай вобласці Украіны — яго хуткаму распаўсюджванню спрыяў моцны вецер. Асобныя ачагі гарэлі на плошчы 15 гектараў.
Сітуацыю ўскладняла тое, што агонь распаўсюдзіўся ў цяжкадаступную для тэхнікі балоцістую мясцовасць. Было праведзена аператыўнае пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Лельчыцкім райвыканкаме. Для ліквідацыі пажару задзейнічалі авіяцыю ратавальнікаў — верталёты Мі-17 і Мі-8. Гомельскае абласное ўпраўленне МНС аб`явіла збор зводнага атрада, пры гэтым была задзейнічаная цяжкая тэхніка — цыстэрны аб`ёмам 5 і 10 тон.
Паводле звестак на 6 гадзін 24 мая, пажар удалося лакалізаваць. Плошча асобных ачагоў гарэння складае 5 гектараў. На месцы створаны штаб ліквідацыі НС, знаходзіцца кіраўніцтва абласнога ўпраўлення МНС і Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб`яднання. Задзейнічаныя ратавальнікі, работнікі лясной гаспадаркі з ранцавымі апырсквальнікамі. Маніторынг аператыўнага становішча праводзіцца верталётам Мі-2 МНС.
БелаПАН
Мінск, 24 мая 2015
Мінск, 24 мая 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/748/31122
Текущая дата: 15.11.2024