Белорусский портал в Казахстане

Следчыя органы Віцебскай вобласці занепакоеныя актыўнай дзейнасцю "чорных капальнікаў"



Пра гэта паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Іна Гарбачова.

Працягваецца расследаванне крымінальнай справы па факце выяўлення ў Дубровенскім раёне ў лістападзе 2014 года трупа мужчыны 1982 года нараджэння. Ён падарваўся на снарадзе часоў ВАВ. Загінулы захапляўся пошукам боепрыпасаў. Пра гэта сведчаць паказанні сваякоў, а таксама знойдзеныя на месцы здарэння металашукальнік, чатыры боегалоўкі ад снарадаў, дэтанатары, фрагменты боепрыпасаў. 

Факт сур`ёзнага траўмиравання "чорнага капальніка" меў месца і ў Талачынскім раёне. Пры спробе дастаць з тайніка боепрыпасы абвінавачваны выпадкова прывёў у дзеянне адзін з іх. Выбух прычыніў яму цялесныя пашкоджанні. Расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да 55-гадовага жыхара Талачынскага раёна завершана. Устаноўлена, што мужчына працяглы час займаўся незаконным пошукам зброі і боепрыпасаў часоў ВАВ. Падчас вобыскаў дома ў абвінавачванага канфіскавана вялікая колькасць боепрыпасаў, прыблізна 2.000 патронаў рознага калібру, часткі агнястрэльнай зброі, дэтанатары, гранаты, 12 кг пораху. 

Асаблівую трывогу ў следчых выклікаюць факты, калі ахвярамі незаконнай дзейнасці "чорных капальнікаў" становяцца члены іх сем`яў і іншых грамадзян. Вясной мінулага года здарыўся выбух у кватэры жылога шматкватэрнага дома ў Віцебску. Пры правядзенні праверачных дзеянняў устаноўлена, што ўладальнік кватэры захапляецца раскопкамі "трафеяў" часоў ВАВ. У кватэры абвінавачванага былі знойдзеныя металашукальнік, геаграфічныя карты і гільзы. У дзень надзвычайнага здарэння мужчына прынёс дамоў гранату, якая ў выніку разборкі падарвалася. "Чорны капальнік" і яго жонка атрымалі раненні і былі шпіталізаваныя ва ўстанову аховы здароўя. 

Таксама ёсць выпадкі, калі асобы, якія незаконна захоўваюць боепрыпасы, уцягваюць у сваю дзейнасць уласных дзяцей, тым самым ставячы іх пад смяротную небяспеку. 11 сакавіка 2015 года ў Дубровенскім раёне ў выніку разборкі патрона часоў ВАВ падлетак пазбавіўся пальцаў рукі. Пры правядзенні вобыску ў бацькоўскім доме былі знойдзеныя чатыры буйнакаліберныя патроны часоў ВАВ, 54 гільзы, 50 куль, ствол вінтоўкі, металічная банка з порахам масай 60 г. Следчыя працягваюць высвятляць акалічнасці траўміравання непаўналетняга.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 26 сакавіка 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/758/30234
Текущая дата: 15.11.2024