Белорусский портал в Казахстане

З 1 студзеня 2016 года ўсе прадпрымальнікі Беларусі будуць працаваць у аднолькавых умовах



Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Такое рашэнне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў 17 сакавіка па выніках нарады па пытаннях рэгулявання і развіцця асобных відаў прадпрымальніцкай дзейнасці і пасля размовы з прадстаўнікамі бізнесу.

Кіраўнік дзяржавы наведаў гандлёва-забаўляльны цэнтр "Экспабел", дзе паразмаўляў з прадпрымальнікамі.

У адносінах да індывідуальных прадпрымальнікаў - плацельшчыкаў адзінага падатку, якія ажыццяўляюць рознічны гандаль, з 1 ліпеня 2014 года ўказам Прэзідэнта быў устаноўлены абавязак мець на ўсе рэалізуемыя тавары дакументы, што пацвярджаюць іх набыццё. Адначасова для гэтай катэгорыі прадпрымальнікаў да 1 сакавіка 2015 года быў устаноўлены пераходны перыяд, на працягу якога ім прадастаўлялася права рэалізоўваць тавары без пацвярджальных дакументаў на падставе прадстаўленага да 30 ліпеня 2014 года ў падатковы орган вопісу астаткаў тавараў. Пачынаючы з чацвёртага квартала мінулага года, прадпрымальнікі сталі звяртацца ў розныя інстанцыі з праблемамі па астатках тавараў і немагчымасцю іх далейшага распродажу пасля 1 сакавіка 2015 года. Асноўнай прычынай называюцца праблемы з атрыманнем у прадаўцоў у Расіі належным чынам аформленых дакументаў, што пацвярджаюць як факт набыцця тавараў, так і іх якасць і бяспеку. Асноўнымі прычынамі наяўнасці значнай колькасці нераспрададзеных астаткаў, паводле слоў прадпрымальнікаў, з`яўляецца існуючая эканамічная сітуацыя, у тым ліку зніжэнне пакупной здольнасці насельніцтва, а таксама няроўныя ўмовы з замежнымі грамадзянамі, якім прадастаўлена права ажыццяўляць гандаль на рынках, кірмашах краіны шырокім пералікам тавараў лёгкай прамысловасці.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў размове з ІП хоча знайсці кампраміс паміж іх інтарэсамі, інтарэсамі тых, хто прадастаўляе ім гандлёвыя плошчы, а таксама людзей, занятых у лёгкай прамысловасці.

"Як быць з тым, што я практычна ўзаконіў кантрабанду? - пацікавіўся кіраўнік дзяржавы. - У вас няма сертыфікатаў якасці, у вас няма празрыстага бізнесу". Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ён разумее, што праблема наяўнасці сертыфікатаў якасці не першарадная. 

"Мяне больш за ўсё хвалюе, што мы як дзяржава страчваем нармальны празрысты бізнес і забіваем сваю вытворчасць - гэта недапушчальна", - сказаў Прэзідэнт.

"Бізнес павінен быць празрыстым: і дзяржаўны, і прыватны. Мы павінны стварыць усім аднолькавыя ўмовы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама выказаў занепакоенасць сітуацыяй у лёгкай прамысловасці з-за няроўных умоў работы ў параўнанні з індывідуальнымі прадпрымальнікамі. На думку кіраўніка дзяржавы, лёгкая прамысловасць фактычна знікае лёгкая прамысловасць, у тым ліку з-за таго, што прадукцыя, якая ёю вырабляецца, менш канкурэнтаздольная ў параўнанні з таварамі, якія індывідуальныя прадпрымальнікі прывозяць з-за мяжы і прадаюць у Беларусі.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка заклікаў ІП падключыцца да мадэрнізацыі айчыннага легпрама. "Добры ж варыянт - вялікая колькасць прадпрыемстваў гарбарных, абутковых, швейных, па вытворчасці тканін. Там патрэбны і інвестыцыі, і самае галоўнае - мазгі і паваротлівасць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт прадоўжыў абмеркаванне існуючых праблем у прадпрымальніцкай сферы на нарадзе, куды былі запрошаны прадстаўнікі дробнага бізнесу, у тым ліку з рэгіёнаў.

"Шмат аб чым мы сёння ўжо гаварылі, у тым ліку з прадпрымальнікамі. У кожнага склаліся пэўныя настроі, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Але, на жаль, ужо 10 гадоў з зайздроснай рэгулярнасцю вяртаемся да работы прадпрымальнікаў". Ён нагадаў, што ў мінулым годзе пасля разгляду гэтага пытання на нарадзе ў Прэзідэнта і дадатковага абмеркавання з прадпрымальнікамі быў прыняты ўказ нумар 222. 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: яго інфармуюць, што за мінулы год палавіна прадпрымальнікаў здолела выканаць устаноўленыя дзяржавай патрабаванні і перайшла на празрыстыя метады работы. Аднак гэта зрабілі не ўсе. 

"Тады прасілі распрадаць тое, што заляжалася, цяпер - тое ж самае. Пры гэтым спасылаюцца на складанасці з рэалізацыяй, дзеянні расійскіх прадаўцоў, якія не прадстаўляюць ім адпаведныя дакументы, на дарагоўлю, мізэрнасць асартыменту і нізкую якасць прадукцыі, якую можна набыць на айчынных аптовых складах, не выязджаючы за мяжу, - адзначыў Прэзідэнт. - Указваюць на тое, што нашы партнёры па Еўразійскім эканамічным саюзе не патрабуюць выканання сваімі індывідуальнымі прадпрымальнікамі аналагічных норм і тым самым ставяць беларусаў у няроўныя ўмовы".

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ўсе меркаванні павінны быць пачуты і ўлічаны. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўрад у прысутнасці прадпрымальнікаў, іх прадстаўнікоў павінен адказаць на шэраг пытанняў. "Па-першае, што прапануецца для ўрэгулявання сітуацыі ў прадпрымальніцкім асяроддзі? Па-другое, як будуць улічаны інтарэсы ўсіх бакоў, спажыўцоў, прадпрымальнікаў і дзяржавы?" - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, ні ў чым не павінна быць страт - ні ў насычэнні таварамі ўнутранага рынку, ні ў забеспячэнні работай актыўнай часткі насельніцтва, ні ў паступленні падаткаў у бюджэт.

"Мы павінны выслухаць прадпрымальнікаў, якія ў іх прапановы па вырашэнні пастаўленых імі ж пытанняў, і па выніках абмеркавання павінны прыняць рашэнні з перспектывай гэтага віду бізнесу ў краіне", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Пры гэтым ён акцэнтаваў увагу на тым, што ні ў якім разе нельга крыўдзіць людзей. 

"Галоўнае - чалавечы фактар, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Людзей крыўдзіць нельга. Трэба зрабіць тонка і акуратна, каб людзі не пакрыўдзіліся. Бо за кожным - сям`я. Гэта маральны фактар, і яго трэба ставіць на першае месца".

Разам з гэтым Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што прадпрымальнікам трэба "выходзіць на нармальны, празрысты бізнес, паставіўшы сябе ў аднолькавыя ўмовы з іншымі". "А галоўнае - каб яны працавалі сумесна з беларускай лёгкай прамысловасцю, рэалізуючы айчынныя тавары", - дадаў ён.

"Калі мы гаворым аб бізнесе, то галоўнае - канкурэнцыя ў роўных умовах, незалежна ад форм уласнасці", - лічыць кіраўнік дзяржавы. А цяпер сітуацыя склалася такім чынам, што частка прадпрымальнікаў працуе празрыста, а частка - не прымае новых умоў дзейнасці, прадугледжаных заканадаўствам. 

Першы віцэ-прэм`ер Беларусі Васіль Мацюшэўскі далажыў аб прапановах урада, распрацаваных сумесна з бізнес-супольнасцю, па ўнясенні дапаўненняў і змяненняў ва ўказ Прэзідэнта ад 16 мая 2014 года нумар 222 "Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі". Праектам дакумента прапануецца прадаставіць права індывідуальным прадпрымальнікам - плацельшчыкам адзінага падатку рэалізоўваць тавары без дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё, з адначасовым павелічэннем ставак падатку. Таксама прадугледжваецца ўстанаўленне для замежных грамадзян закрытага пераліку тавараў, якія яны маюць права рэалізоўваць або прапаноўваць да продажу на рынках або іншых месцах, устаноўленых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Такія меры прапануюцца для таго, каб ураўнаваць у правах замежных грамадзян і беларускіх, адзначыў першы віцэ-прэм`ер. "Гэта будзе садзейнічаць стварэнню аднолькавых умоў для рэалізацыі тавараў фізічнымі асобамі, якія не ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць", - сказаў Васіль Мацюшэўскі.

Ён звярнуў увагу, што ў той жа час у выпадку прадастаўлення права індывідуальным прадпрымальнікам - плацельшчыкам адзінага падатку ажыццяўляць рознічны гандаль таварамі без дакументаў, што пацвярджаюць іх набыццё, ствараюцца няроўныя канкурэнтныя ўмовы для айчынных вытворцаў аналагічных тавараў, а таксама суб`ектаў гаспадарання, якія ажыццяўляюць імпарт і рэалізацыю тавараў у адпаведнасці з устаноўленымі патрабаваннямі. "Каб не ствараць прэферэнцый для гандлю таварамі сумніўнай якасці, а самае галоўнае - згладзіць няроўныя ўмовы дзейнасці суб`ектаў гандлю, прапануецца для прадпрымальнікаў - плацельшчыкаў адзінага падатку павялічыць падатковую нагрузку на 50 працэнтаў, устанавіць для іх просты і зразумелы парадак выплаты ПДВ у фіксаванай суме ў памеры 4-кратнай стаўкі адзінага падатку і выплаты адзінага падатку", - сказаў Васіль Мацюшэўскі.

Пытанні неаднолькавых канкурэнтных умоў з беларускімі вытворцамі - афіцыйнымі імпарцёрамі прапануецца вырашыць эканамічнымі метадамі шляхам штогадовага паступовага павышэння падатковай нагрузкі: з 2016 года - павелічэнне ПДВ у фіксаванай суме да 5-кратнай стаўкі адзінага падатку, з 2017 года - да 6-кратнай стаўкі адзінага падатку.

"Такім чынам, прадпрымальнікі будуць загадзя ведаць правілы работы на бліжэйшую перспектыву, - лічыць Васіль Мацюшэўскі. - У цэлым прыняцце гэтых змяненняў і дапаўненняў будзе садзейнічаць павелічэнню падатковых паступленняў, стабілізацыі сітуацыі ў прадпрымальніцкім асяроддзі, забеспячэнню больш плаўнага пераходу індывідуальных прадпрымальнікаў на празрыстыя і цывілізаваныя формы работы".

Прысутныя на нарадзе прадстаўнікі бізнес-супольнасці падтрымалі прапановы ўрада, выказаўшы пажаданне аб паэтапным прымяненні новаўвядзенняў.

Аляксандр Лукашэнка даў магчымасць усім жадаючым выказацца па ўзнятай тэме і агучыць свае прапановы па вырашэнні праблемных пытанняў у прадпрымальніцкім асяроддзі.

Падводзячы вынікі абмеркавання, Прэзідэнт падкрэсліў, што з 1 студзеня 2016 года ўсе прадпрымальнікі будуць працаваць у аднолькавых умовах. Такім чынам, беларускія ІП змогуць прадаваць тавары легпрама без дакументаў, што пацвярджаюць іх набыццё, да 1 студзеня 2016 года.

"Больш адтэрміноўкі не будзе! І так робім вельмі вялікія адступленні", - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Без дакументаў у Беларусі ніхто працаваць не будзе!"

Прэзідэнт заклікаў прадпрымальнікаў пераходзіць на цывілізаваныя формы работы, не чакаючы 1 студзеня 2016 года. "Калі мы хочам мець цывілізаваную дзяржаву, мы ўсё роўна прыйдзем да гэтага. Ненармальна, калі ў сумках, сетках, баулах возяць тавар, невядома адкуль і на яго няма дакументаў. Таму рана ці позна ўсё роўна да гэтага прыйдзем. Пачынайце цяпер гэта рабіць, не чакайце да 1 студзеня", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт запрасіў індывідуальных прадпрымальнікаў да супрацоўніцтва ў пытанні фарміравання асартыменту аптовых баз.

Звяртаючыся да ўрада, Аляксандр Лукашэнка выказаў незадавальненне, што да гэтага часу не выканана ў поўным аб`ёме яго даручэнне аб стварэнні ў Беларусі аптовых баз, дзе былі б прадстаўлены тавары не толькі беларускіх вытворцаў, але і замежных.

"Гэта не справа, што мы дамовіліся і гэта не зроблена дагэтуль, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - "Мы праверылі, на сённяшніх базах няма чаго браць. Акрамя беларускага, прадпрымальнікі кажуць, там нічога няма, і то заляжалы, стары тавар па высокіх цэнах. А трэба было выкласці поўны асартымент, які на Чаркізаўскім рынку ёсць". У той жа час ён падкрэсліў, што галоўнае - гэта дакументы на тавар.

Прэзідэнт даручыў Міністэрству гандлю і прэм`ер-міністру асабіста заняцца пытаннем стварэння аптовых баз, на якіх будзе прадстаўлены тавар не толькі беларускіх вытворцаў. Кантроль за гэтым будзе ажыццяўляць кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Косінец. "Трэба іх ствараць, каб індывідуальны прадпрымальнік не сказаў, што, акрамя як у Расіі ім, ім няма дзе ўзяць тавар. А сапраўды ж няма дзе цяпер узяць. Я вас прасіў стварыць аптовыя беларускія рынкі, падобныя да Чаркізаўскага", - сказаў кіраўнік дзяржавы. 

"Займіцеся гэтым. Мы дапаможам для пачатку прафінансаваць, пракрэдытаваць, каб была куплена першая партыя тавару для распродажу, - даручыў Аляксандр Лукашэнка. - Прапрацуйце гэта пытанне па-чалавечы".

Прэзідэнт таксама прапанаваў індывідуальным прадпрымальнікам аб`ядноўвацца і ствараць малыя і сярэднія прадпрыемствы, якія будуць працаваць празрыста. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў выпадку неабходнасці ім будзе аказана дапамога, у тым ліку крэдытнымі сродкамі Сусветнага банка, Банка развіцця.

"Перспектыва адна: хочаце быць бізнесменамі - пераходзьце на нармальны стыль работы", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Са свайго боку ён гарантаваў бізнесу падтрымку і абарону ва ўмовах функцыянавання Мытнага саюза.



17 сакавіка 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/759/30133
Текущая дата: 15.11.2024