Белорусский портал в Казахстане

На мемарыяльныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 70-годдзя Перамогі, у Мінск з`язджаецца больш за 200 прадстаўнікоў еўрапейскай грамадскасці



Арганізатарамі гэтай паездкі памяці выступілі Дортмундскі і Мінскі МАЦ, фонд "Заходне-Усходнія сустрэчы", саюз "Дамы замест Чарнобыля", Міжнароднае аб`яднанне народных універсітэтаў, Евангелічныя цэрквы Германіі і іншыя.

Вечарам 1 мая ў Мінск прыбудуць больш за 200 гасцей з Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Ізраіля і Чэхіі, якія возьмуць удзел у мемарыяльных мерапрыемствах да 70-годдзя Перамогі над фашызмам "Памятаем дзеля агульнаеўрапейскай будучыні", паведамілі ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры (МАЦ) імя Яханэса Рау. 

У мемарыяльных мерапрыемствах таксама ўдзельнічаюць сваякі загінулых у лагеры смерці Трасцянец, прадстаўнікі дыпкорпуса шэрагу краін, каталіцкай, евангелічнай і праваслаўнай цэркваў, навуковай супольнасці. Акрамя таго, да ўдзелу запрошаныя чыноўнікі МЗС Беларусі, а таксама ўпаўнаважаны па пытаннях супрацоўніцтва грамадзянскіх ініцыятыў МЗС ФРГ Гернат Эрлер, дырэктар Усходняга камітэта Германскай эканомікі Райнер Лінднер, дэпутаты бундэстага Олівер Качмарэк і Рэне Рэспель. Мерапрыемствы патрануе былы прэм`ер-міністр зямлі Брандэнбург Маціяс Платцэк. 

На працягу пяці дзён замежныя госці разам з прадстаўнікамі беларускай грамадскасці падыскутуюць аб перспектывах агульнаеўрапейскай культуры памяці, кірунках нямецка-беларускага супрацоўніцтва на ўзроўні грамадзянскіх ініцыятыў і дзяржаў, пачуюць успаміны сваякоў людзей, загінулых у Трасцянцы. 

Так, 2 мая ўдзельнікі паездкі змогуць наведаць мемарыяльны комплекс "Хатынь", помнік ахвярам Халакосту ў Бабруйску, а таксама прайсціся з экскурсіяй па гістарычных мясцінах Мінска і сустрэцца са сведкамі ваенных падзей у Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна. 

Паездка ў Трасцянец чакае ўдзельнікаў мерапрыемства 3 мая. Затым у мінскім храме Усіх Святых госці абмяркуюць шляхі ўзаемаразумення паміж немцамі і беларусамі і паслухаюць выступленні прадстаўнікоў розных хрысціянскіх цэркваў і яўрэйскіх абшчын. 

Дыскусіі аб супрацоўніцтве грамадзянскіх ініцыятыў і дзяржавы ў галіне сацыяльнай працы са сведкамі ваенных падзей, перспектывах агульнаеўрапейскай культуры памяці на аснове германскага, польскага і беларускага вопыту пройдуць 4 мая. 

У заключны дзень мемарыяльнай паездкі, 5 мая, удзельнікі мерапрыемства падвядуць вынікі і прымуць сумесную заяву аб Трасцянцы як аб`екце агульнаеўрапейскай памяці.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 1 мая 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/760/30861
Текущая дата: 27.12.2024