Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі ўпершыню вынесены прыгавор за кардшарынг



Судом Лідскага раёна вынесены прыгавор па справе аб так званым кардшарынгу. У судовай практыцы краіны гэта справа яшчэ не мае прэцэдэнтаў.

Як паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама, жыхар Ліды, індывідуальны прадпрымальнік, аказваў свае паслугі па падключэнні да спадарожнікавага тэлебачання. Сам ён добра разбіраўся ў тэхналогіях і апрача легальнага падключэння, даволі дарагога, прапаноўваў падключыцца шляхам кардшарынгу.

Сутнасць новай тэхналогіі заключаецца ў наступным: калі раней для несанкцыянаванага прагляду спадарожнікавых тэлеканалаў неабходна было набываць падробленую смарт-карту, то зараз дастаткова падключыць прыёмнік спадарожнікавага вяшчання да інтэрнэту. Спецыяльная праграма, спалучаючыся з серверам, дэкадзіруе тэлевізійны сігнал. 

Падчас праведзеных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў сышчыкі аддзела "К" змаглі ўстанавіць больш як сотню кліентаў, якія карысталіся паслугамі злачынцы. Усе яны за 5 у. а. у месяц атрымлівалі прывілеяваны доступ да мноства тэлеканалаў у найвышэйшай якасці.

Дзеянні падазронага былі кваліфікаваныя як несанкцыянаваны доступ да інфармацыі, якая захоўваецца ў камп`ютарных сістэмах ЗАТ "Нацыянальная спадарожнікавая кампанія" і ААТ "НТВ-ПЛЮС", што суправаджаўся парушэннем сістэмы абароны, учынены з карыслівай зацікаўленасці (ч. 2 арт. 349 КК); збыт спецыяльных праграмных сродкаў для атрымання неправамернага доступу да абароненых камп`ютарных сістэм вышэйзгаданых таварыстваў (арт. 353 КК) і заведамае выкарыстанне камп`ютарных праграм, прызначаных для несанкцыянаванага капіравання інфармацыі, якая захоўваецца ў камп`ютарных сістэмах правайдараў спадарожнікавага тэлебачання (ч. 1 арт. 354 КК).

17 сакавіка суд Лідскага раёна ў поўным аб`ёме пагадзіўся з высновамі органаў дазнання і следства ў кваліфікацыі супрацьпраўнай дзейнасці падсуднага і вынес у дачыненні да апошняга абвінаваўчы прыгавор, абавязаўшы выплаціць штраф у памеры 200 базавых велічынь. Апрача гэтага, сродкі, заробленыя злачынным спосабам (16,5 млн. рублёў і амаль 2.000 долараў), павінны быць вернутыя ў даход дзяржавы.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 3 красавіка 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/764/30372
Текущая дата: 26.12.2024