Белорусский портал в Казахстане

Самыя высокія заробкі ў Магілёўскай вобласці — у Магілёве, самыя нізкія — у Мсціслаўскім раёне



Пра гэта паведамляе абласное статыстычнае ўпраўленне.

У студзені—лютым гэтага года рэальная заработная плата ў Магілёўскай вобласці паменшылася на 5% у параўнанні з такім жа перыядам мінулага. У рэгіёне таксама паменшылася колькасць працуючых.

У параўнанні са студзенем у лютым рэальная зарплата знізілася на 1,1%. Пры гэтым налічаная зарплата ў лютым склала 5.289,8 тыс. рублёў і павялічылася ў параўнанні са студзенем на 0,6% (на 32,6 тыс. рублёў).

Самыя высокія ў вобласці заробкі — у жыхароў Магілёва, дзе сярэдняя зарплата ў лютым склала 5.903 тыс. рублёў. Менш за ўсіх зарабілі жыхары Мсціслаўскага раёна — 4.091 тыс. рублёў. Аднак пры агульным зніжэнні ўзроўню рэальнай зарплаты па рэгіёне, менавіта ў Мсціслаўскім раёне яна вырасла ў параўнанні з лютым 2014 года на 3,3% — гэта лепшы ў рэгіёне паказчык.

Найбольшае памяншэнне заробкаў зафіксаванае ў Асіповіцкім раёне. Тут сярэдняя зарплата ў лютым склала 5.271 тыс. рублёў, што ніжэй за адпаведны леташні паказчык на 10,1%.

Самымі высокааплатнымі работнікамі ў лютым у Магілёўскай вобласці сталі тыя, чыя дзейнасць звязаная з вылічальнай тэхнікай. У гэтай сферы сярэдні заробак перавысіў 12 млн. рублёў. У параўнанні з мінулым годам рост зарплаты дасягнуў 60,2%.

Менш за ўсё зарабілі тыя, хто займаўся кіна- і відэафільмамі, — яны атрымалі ў сярэднім па 3.249 тыс. рублёў.

Мацней за ўсіх адчулі зніжэнне зарплаты работнікі, занятыя ў вытворчасці іншых транспартных сродкаў, — іх сярэдні заробак у параўнанні з лютым 2014 года скараціўся на 48,6% і склаў 4.164 тыс. рублёў.

Сёлета ў рэгіёне таксама прадоўжылася скарачэнне колькасці занятых у эканоміцы. У лютым гэты паказчык склаў 470,3 тыс. чалавек, што на 1,7% менш, чым у лютым 2014-га. 

Узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў Магілёўскай вобласці склаў 1% ад эканамічна актыўнага насельніцтва. На канец лютага 2014 года гэты паказчык складаў 0,6%.

Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН
Магілёў, 29 сакавіка 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/765/30273
Текущая дата: 26.12.2024