Белорусский портал в Казахстане

Вучоныя павінны дапамагаць маладым талентам, паказваць прыклад і перадаваць традыцыі лепшых навуковых школ, у якіх ужо заваявана вядомасць



Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 24 сакавіка ў час уручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам.

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што 2015 год аб`яўлены Годам моладзі. "Дзяржаўная маладзёжная палітыка ўжо станоўча паўплывала на сітуацыю ў навуцы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ва ўзроставай структуры навуковых кадраў апошніх гадоў моладзь складае чвэрць. Ажыццяўляецца пастаянная падтрымка маладых таленавітых вучоных - з 2010 па 2015 год стыпендыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь атрымалі больш як паўтысячы чалавек".

Звяртаючыся да вучоных, Прэзідэнт падкрэсліў, што большасць з іх займаюцца не толькі даследчай, але і выкладчыцкай дзейнасцю. "На вас ускладзена адказная задача вучыць і выхоўваць маладую навуковую змену. Гэта наша будучыня і вы проста абавязаны дапамагаць маладым талентам, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Наша моладзь здольна генерыраваць новыя ідэі, але пры гэтым неабходна мудрае настаўленне больш вопытных людзей".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яму прыемна бачыць у гэтай зале маладых дактароў навук. "Пагадзіцеся, унесці важкі ўклад у навуку ва ўзросце да 40 гадоў - гэта добры прыклад для падрастаючага пакалення, - лічыць Прэзідэнт. - Дзякуючы нястомнай працы вы набылі прызнанне, павагу, прыярытэт не толькі ў сваіх калектывах, але і ў навуковай супольнасці ў цэлым".

Аляксандр Лукашэнка не выключае, што прысутныя на цырымоніі змогуць у перспектыве атрымаць дыпломы членаў-карэспандэнтаў і акадэмікаў Нацыянальнай акадэміі навук.



24 сакавіка 2015, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/766/30210
Текущая дата: 26.12.2024