Аб гэтым 5 лютага ў ходзе брыфінгу паведаміў першы намеснік начальніка пасажырскай службы БЧ Андрэй Кашко.
"Кіраўнікі беларускай і расійскай чыгуначных адміністрацый у канцы студзеня правялі перагаворы і дамовіліся з 10 студзеня значна знізіць кошт праезду на чыгуначным транспарце ў напрамку Беларусь - Расія", - сказаў Андрэй Кашко.
Ён удакладніў, што з улікам ужо існуючых тарыфных планаў і скідак, якія былі распрацаваны ў мінулым годзе з расійскімі чыгуначнікамі, зніжэнне складзе да 50 працэнтаў практычна па ўсіх катэгорыях вагонаў. Такім чынам, цэны на білеты ад Мінска да Масквы, напрыклад, зменшацца на Br200 тыс. - Br1 млн у залежнасці ад катэгорыі вагона. Дадатковыя скідкі залежаць ад дня набыцця білета, месца размяшчэння пасажыраў у вагоне, колькаснага складу групы, далёкасці паездкі. Больш падрабязна з тарыфнымі планамі можна азнаёміцца на сайце БЧ.
Як адзначыў Андрэй Кашко, Беларуская чыгунка і РЧ вырашылі зменшыць цэны на білеты для павышэння канкурэнтаздольнасці міжнародных чыгуначных перавозак і прыцягнення дадатковай колькасці пасажыраў. "Сёння мы выйшлі з канкурэнтнага сегмента са сваімі цэнамі на праезд", - канстатаваў спецыяліст. Ён звярнуў увагу, што тарыфы на чыгуначныя перавозкі фарміруюцца ў такой валюце, як швейцарскі франк. "Яго ваганні і нашай нацыянальнай валюты адносна больш важкіх валют дыктуюць свае ўмовы, і кошт праезду апошнім часам прырастаў", - растлумачыў першы намеснік начальніка службы.
Паводле слоў Андрэя Кашко, Расія - найбольш важкі партнёр БЧ у чыгуначных пасажырскіх перавозках. У сегменце міжнародных яны займаюць амаль 70 працэнтаў. "Без сумнення, самымі запатрабаванымі з`яўляюцца напрамкі Масква і Санкт-Пецярбург - іх доля ў перавозках з Расіяй на ўзроўні прыкладна 80 працэнтаў", - дадаў спецыяліст. Менавіта таму, падкрэсліў ён, асноўныя намаганні БЧ сканцэнтраваны на рабоце па гэтым напрамку.
Плануецца, што зніжаныя тарыфы ў напрамку Беларусь - Расія будуць дзейнічаць на працягу ўсяго года.
5 лютага 2015, Мінск
Таццяна Іванюк - БЕЛТА
5 лютага 2015, Мінск
Таццяна Іванюк - БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/768/29473
Текущая дата: 15.11.2024