Белорусский портал в Казахстане

У Мірскім замку да Новага года з’явіцца шакаладны пакой



Пра гэта паведаміў адзін з арганізатараў незвычайнага праекта Андрэй Лейн.

Работу па стварэнні шакаладнага пакоя ў Мірскім замку бярэцца выканаць крымскі майстар-кандытар Мікалай Папоў. Майстар плануе вырабіць з шакаладу сам Мірскі замак у мініяцюры, а таксама асобныя прадметы замкавай экспазіцыі. Акрамя таго, паводле слоў Андрэя Лейна, прыкладна да Новага года ў замку з’явіцца цэлы шакаладны пакой. На яго стварэнне будзе затрачана каля 1 т шакаладу.

Акрамя таго, у планах майстра — стварыць шакаладную экспазіцыю ў Брэсцкай крэпасці, тут плануецца «адзець у шакалад» каля 100 кв.м выставачнай плошчы. Рэалізаваць незвычайны праект плануецца вясной 2015 года.

Майстар-кандытар з Сімферопаля Мікалай Папоў сёння ў Гродне адкрывае эксклюзіўную выстаўку шакаладу. У Новым замку будуць выстаўлены паўтоны шакаладных вырабаў: скульптуры, шакаладныя карціны, кампазіцыі. Сярод экспанатаў — шакаладныя вялікая і малая кароны Расійскай імперыі, метровы шакаладны стол з антыкварыятам, яйкі Фабержэ, кампазіцыя «Дранікі», карціна «Шакаладніца», посуд, розныя прадметы побыту і шмат іншага. Самым незвычайным экспанатам выстаўкі называюць 2-метровую Эйфелеву вежу вагой 45 кг, яна складаецца з 512 частак і выканана выключна з шакаладу.

Звязда, 16 ліпеня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/770/26636
Текущая дата: 03.06.2024