Белорусский портал в Казахстане

У Следчым камітэце Беларусі падведзеныя вынікі дзейнасці ў 2014 годзе



Вынікі працы органаў папярэдняга следства за 2014 год разгледжаныя 30 студзеня на пашыраным пасяджэнні калегіі Следчага камітэта Беларусі.

Як паведамляе СК, яго кіраўнік Валянцін Шаеў, выступаючы на пасяджэнні, адзначыў, што "ў дзейнасці ведамства першачарговая ўвага надаецца забеспячэнню усебаковасці, поўнасці, аб`ектыўнасці, планамернасці і аператыўнасці расследавання злачынстваў, ахове правоў і законных інтарэсаў грамадзян, арганізацый, дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, выкананню законнасці пры праверцы заяў і паведамленняў пра злачынствы, распачынанні крымінальных спраў, правядзенні папярэдняга следства". 

Паводле слоў Шаева, стварэнне СК станоўча паўплывала на становішча са злачыннасцю ў краіне, знізілася колькасць злачынстваў, чаму таксама спрыяе і эфектыўнае ўзаемадзеянне з праваахоўнымі органамі. "Трэці год можна лічыць годам падвядзення вынікаў праведзенай працы, ацэнкі эфектыўнасці прынятых мер па ўдасканаленні дзейнасці органаў папярэдняга следства, павышэнні якасці і аператыўнасці следчай працы. У цэлым мы канстатуем, што прынятыя меры аказалі істотны ўплыў на павышэнне эфектыўнасці дасудовай крымінальнай вытворчасці", — заявіў кіраўнік СК. 

Ён звярнуў увагу на тое, што склалася станоўчая дынаміка па шэрагу асноўных паказчыкаў следчай працы, якія характарызуюць аб`ём, якасць і аператыўнасць папярэдняга следства, стан законнасці, кампенсаванне ўрону, прычыненага злачынствамі, раскрыццё злачынстваў — 2014 год стаў найлепшым з моманту стварэння Следчага камітэта ў гэтым плане. 

Летась зарэгістравана на 2,8% менш злачынстваў, чым у 2013 годзе, і удвая менш, чым у 2005-м. Больш эфектыўнай, як адзначаюць у СК, стала праца па выкрыцці і прыцягненні да крымінальнай адказнасці вінаватых асоб, пра што сведчыць павышэнне ўзроўню раскрыцця злачынстваў, расследаваных падраздзяленнямі СК, — з 63,2% у 2013 годзе да 66,2% у 2014-м (2012 год — 59,8%, 2011 год — 59,9%). На 8,8% скарацілася колькасць крымінальных спраў, расследаванне па якіх прыпыненае ў сувязі з неўстанаўленнем асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага. Пры гэтым за апошнія тры гады іх колькасць знізілася практычна на 40%. 

Па такіх паказчыках службовай дзейнасці, як колькасць крымінальных спраў, вернутых пракурорамі для правядзення дадатковага папярэдняга расследавання, і колькасць асоб, апраўданых і неабгрунтавана прыцягнутых да крымінальнай адказнасці, дасягнуты найлепшыя вынікі за апошняе дзесяцігоддзе. 

Так, узмацненне патрабаванняў да якасці папярэдняга следства дазволіла скараціць (да 427, ці 1%) колькасць крымінальных спраў, вернутых пракурорамі. 

Летась набылі моц рэабілітацыйныя судовыя рашэнні ў дачыненні да 34 асоб, што практычна ў дзесяць разоў менш, чым у 2011 годзе (333). 

На стадыі дасудовай вытворчасці па рэабілітацыйных падставах у 2014 годзе спынены крымінальны пераслед у дачыненні да 18 асоб, што ў пяць разоў менш, чым у 2011 годзе (93) (2013 год — 27, 2012 год — 21). 

У 2014 годзе атрымала працяг пазітыўная дынаміка росту колькасці крымінальных спраў, папярэдняе расследаванне па якіх завершанае ў больш сціслыя тэрміны, чым прадугледжана ч. 1 арт. 190 КПК. У сярэднім па кожнай трэцяй крымінальнай справе ў краіне папярэдняе следства завершанае ў тэрмін да месяца. Іх удзельная вага ў параўнанні з 2012 годам павялічылася на 6,7% і склала 34,5%. 

З утварэннем СК у два разы скарацілася колькасць крымінальных спраў, па якіх у судзе выстаўлялася новае абвінавачанне ці прыпынялася судаводства для правядзення дадатковых следчых дзеянняў.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 31 студзеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/770/29359
Текущая дата: 15.11.2024