Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.
Першымі нарыхтоўку соку традыцыйна пачалі лясгасы Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Пры спрыяльным надвор`і хутка да іх далучацца і астатнія рэгіёны рэспублікі.
Аб`ёмы нарыхтовак бярозавіку для прамысловай перапрацоўкі ўзгодненыя з патрэбнасцямі кансервавых заводаў і перапрацоўчых прадпрыемстваў. Штогод колькасць загатоўкі соку расце. Так, у 2013 годзе было нарыхтавана 14,9 тыс. тон, у 2014-м — 19,8 тыс. План на 2015 год — 24 тыс. тон напою.
Як адзначылі ў ведамстве, з пачаткам сезона нарыхтоўкі бярозавіку дзяржаўная лясная ахова асаблівую ўвагу надае ахове бярозавых гаёў і змешаных лясоў, дзе растуць спелыя бярозы, бо самавольная нарыхтоўка соку без дазвольных дакументаў у рэспубліцы забаронена.
Паводле правіл нарыхтоўкі другарадных лясных рэсурсаў і ажыццяўлення пабочнага карыстання, нарыхтоўваць бярозавік можна толькі ў перастойных і спелых лясах, прызначаных для высечак галоўнага карыстання. Але не больш чым за пяць гадоў да іх высечкі і спосабамі, якія не могуць нанесці шкоду дрэвам. Для прамысловай нарыхтоўкі бярозавіку неабходна набыць лясны білет і атрымаць дазвол ад лясгаса. Лясніцтва вызначыць пэўныя ўчасткі нарыхтоўкі.
У лясніцтвах вызначаныя ўчасткі лесу, прызначаныя для нарыхтоўкі бярозавіку грамадзянамі для ўласных патрэб. Усе ахвотныя нарыхтаваць сок павінны звярнуцца ў лясніцтва. Спецыялісты пакажуць спецыяльна адведзеныя для збору соку ўчасткі, правядуць інструктаж і пракантралююць тэхналогію падсочкі. У лясніцтвах можна будзе набыць і нарыхтаваны сок. "Цэны застануцца прымальнымі", — адзначылі ў прэс-службе.
За парушэнне правіл нарыхтоўкі соку прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
Заканадаўствам вызначаны тэрыторыі, на якіх нарыхтоўка сокаў забараняецца. Да іх адносяцца: гарадскія, курортныя лясы і лесапаркавыя часткі зялёных зон; прыбярэжныя палосы рэк, азёр, вадасховішчаў і іншых водных аб`ектаў; палосы адводу жалезных і аўтамабільных дарог, іншых транспартных і камунікацыйных ліній; населеныя пункты; дэндралагічныя паркі, батанічныя сады; гісторыка-культурныя запаведнікі, мемарыяльныя паркі, археалагічныя помнікі; месцы рассялення дзікіх жывёл і росту дзікарослых раслін, аднесеных да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь; тэрыторыі санаторыяў, дамоў адпачынку, курортаў і ўстаноў аховы здароўя, а таксама акругі і зоны санітарнай аховы курортаў; месцы масавага адпачынку насельніцтва.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 5 сакавіка 2015
Мінск, 5 сакавіка 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/770/29935
Текущая дата: 25.12.2024