Белорусский портал в Казахстане

Альтэрнатыўныя спосабы заработку прапануюць беларускім нацыянальным паркам і заказнікам



Аб гэтым паведаміла начальнік аддзела інфармацыі і сувязей з грамадскасцю Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна Еўдасёва.

Альтэрнатыўныя спосабы заработку будуць прапанаваны беларускім нацыянальным паркам і заказнікам у адпаведнасці з праектам міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да "зялёнай эканомікі" на 2015-2017 гады". 

"Адна з задач праекта - устойлівае выкарыстанне і камерцыялізацыя біялагічных рэсурсаў. З`явіцца гадавальнік для штучнай гадоўлі птушак цецеруковых відаў на базе Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка "Налібоцкі" для далейшай рэалізацыі гэтага біялагічнага віду іншым асабліва ахоўным прыродным тэрыторыям і за мяжу", - сказала Таццяна Еўдасёва.

Праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да "зялёнай эканомікі" на 2015-2017 гады" запушчаны ў студзені 2015 года. Сродкі на яго рэалізацыю ў памеры 5 млн еўра прадастаўляе ЕС.

У час рэалізацыі праекта плануецца стварыць тэхналагічныя магчымасці для вытворчасці офіснай паперы на аснове глыбокай перапрацоўкі макулатурнай сыравіны. Запланавана набыццё абсталявання для павелічэння здабычы сапрапелю і яго перапрацоўкі, што дасць магчымасць укараніць у Жыткавіцкім раёне на базе ААТ "Жыткавічыхімсэрвіс" безадходную вытворчасць высокаэфектыўных арганічных угнаенняў і знізіць выкіды парніковых газаў. У Брэсце хочуць пабудаваць комплекс па перапрацоўцы драўняных адходаў у біяпаліва. Будзе закуплены "зялёны транспарт", распрацавана "зялёная карта" і шмат іншага.

Таццяна Еўдасёва адзначыла, што ўдзел Беларусі ў міжнародных пагадненнях, накіраваных на ахову навакольнага асяроддзя, з`яўляецца адным з інструментаў, якія даюць магчымасць вырашаць першарадныя задачы ў прыродаахоўнай сферы. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі ўдзяляе павышаную ўвагу пашырэнню ўзаемадзеяння з міжнароднымі арганізацыямі і іншымі дзяржавамі. "У сетцы Інтэрнэт перыядычна з`яўляюцца публікацыі, якія змяшчаюць неправераную, ангажаваную і лжывую інфармацыю эколагаў асобных грамадскіх арганізацый. Мінпрыроды выказвае надзею на тое, што такія матэрыялы не паўплываюць на дасягнуты высокі ўзровень супрацоўніцтва паміж Беларуссю і міжнароднымі арганізацыямі", - адзначыла Таццяна Еўдасёва.

Прыродаахоўнае ведамства цесна супрацоўнічае з Праграмай развіцця ААН (ПРААН), Праграмай ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП), Сусветным банкам, Еўрапейскай камісіяй, Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыяй ААН (ФАО), Праграмай ААН па прамысловым развіцці (ЮНІДА) і іншымі міжнароднымі арганізацыямі. Вынік узаемадзеяння - дасягненне значных вынікаў у частцы фарміравання заканадаўчай базы ў розных сферах прыродаахоўнай дзейнасці, умацаванне міжнароднага аўтарытэту краіны ў гэтай галіне, укараненне найлепшых практык у галіне аховы навакольнага асяроддзя і выкарыстання прыродных рэсурсаў, паляпшэнне экалагічнай сітуацыі на тэрыторыі рэспублікі.

У 2012-2014 гадах Мінпрыроды рэалізавала больш за 10 праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Сярод іх праект "Абыходжанне са стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі" Сусветнага банка. У выніку ўдалося здабыць з навакольнага асяроддзя і ўпакаваць амаль 2 тыс. 103,5 т непрыдатных пестыцыдаў і моцна забруджанага грунту, вывезці і знішчыць 1 тыс. 843,615 т пестыцыдаў і 823,1 т адходаў, упакаваць (пераўпакаваць) 13 тыс. 506 кандэнсатараў, 23 трансфарматары, 27 ёмістасцей з вадкімі поліхлараванымі біфеніламі. Пры рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ПРААН/ЕС "Садзейнічанне развіццю ўсёабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь" было закуплена разнастайнае комплекснае і складанае абсталяванне і тэхніка ў значным аб`ёме, асабліва па ўдасканаленні сістэмы кіравання цвёрдымі камунальнымі адходамі для гарадоў Масты (Гродзенская вобласць) і Кобрын (Брэсцкая вобласць). У выніку была павялічана колькасць атрымліваемых другасных матэрыяльных рэсурсаў у 1,5-2 разы. "Больш падрабязную інфармацыю аб рэалізуемых міністэрствам праектах міжнароднай тэхнічнай дапамогі можна атрымаць на сайце Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі", - дадала Таццяна Еўдасёва.

10 студзеня 2015, Мінск
Марыя Дзмітрыева - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/775/28942
Текущая дата: 16.11.2024