"Галоўная каштоўнасць, за якую мы павінны дзякаваць лёсу, — гэта мір. Мір у нашых сем`ях, мір у нашай краіне, у адносінах паміж людзьмі", — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў навагоднім звароце да беларускага народа.
"Год, які мінае, раптам і трагічна даказаў нам сапраўдную каштоўнасць міру, — сказаў беларускі кіраўнік. — Ён паказаў усім нам: любыя штодзённыя праблемы адступаюць на задні план, пачынаюць здавацца дробнымі і неістотнымі тады, калі рвуцца снарады, свішчуць кулі і ліецца кроў".
"Няма ў чалавека нічога даражэйшага за жыццё, — падкрэсліў Лукашэнка. — І няма права больш вечнага, чым права на жыццё. Нам трэба разумець і памятаць, на чым грунтуецца сапраўдны свет і што з`яўляецца галоўнай пагрозай для яго".
На думку афіцыйнага лідара, асновай сапраўднага свету з`яўляюцца дабрыня, цярпімасць і згода паміж людзьмі, гатоўнасць дараваць чужыя памылкі, здольнасць у чымсьці адыходзіць ад сваіх інтарэсаў. "Мы на свае вочы ўпэўніліся, да чаго вядуць унутраныя сваркі, нянавісць і нецярпімасць. Ад яркіх і кідкіх лозунгаў, што сеюць варожасць, — адзін рок да расколу грамадства, ад расколу грамадства — адзін крок да ўсеагульнай нянавісці, а ад яе — адзін крок да вайны. І калі людзі забываюць аб каштоўнасці міру і згоды, то ўсе гэтыя крокі яны робяць у адно імгненне", — сказаў Лукашэнка.
Ён нагадаў, што 70 гадоў таму "мы заплацілі за мір мільёнамі чалавечых жыццяў". "У Беларусі добра ведаюць цану міру і па сённяшні дзень захоўваюць асабліва трапяткое стаўленне да яго", — заявіў Лукашэнка і выказаў упэўненасць, што "кожны з нас жадае найхутчэйшага аднаўлення міру на зямлі нашых братоў". Пры гэтым ён ні разу падчас звароту не назваў Украіну.
Беларускі кіраўнік таксама зазначыў, што насельніцтва краіны ў мінулым годзе павялічылася "амаль на сем тысяч чалавек". Апрача таго, "Рэспубліка Беларусь расчыніла дзверы для ўсіх краін падчас чэмпіянату свету па хакеі, дзясяткі тысяч гасцей з самых розных куткоў планеты адкрылі для сябе Беларусь і беларусаў, утульную, прыгожую і дагледжаную краіну, у якой жыве спагадлівы, ветлівы і добры народ".
Лукашэнка адзначыў поспех айчынных спартсменаў на зімовых Алімпійскіх гульнях у Сочы. "Уся краіна, як адзін чалавек, перажывала за нашых алімпійцаў, і яны не падвялі нас", — сказаў ён.
Беларускі кіраўнік закрануў тэму маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбараў: "Праз некалькі імгненняў наступіць 2015 год, год вялікай перамогі і год моладзі, <…> год, калі нам з вамі трэба будзе рабіць выбар і вызначаць, як будзем жыць далей, на што спадзявацца, да чаго імкнуцца".
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 1 студзеня 2015
Мінск, 1 студзеня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/776/28884
Текущая дата: 16.11.2024