Белорусский портал в Казахстане

Надзея Ермакова: Валюта ў абменьніках зьявіцца на пачатку тыдня



Праблема недахопу наяўнай замежнай валюты ў абменных пунктах камэрцыйных банкаў будзе вырашана ў пачатку наступнага тыдня, паведаміла старшыня праўленьня Нацбанку Надзея Ермакова.

Паводле словаў Ермаковай, Нацбанк праводзіць пастаянны маніторынг сытуацыі ў абменьніках як у сталіцы, так і ў рэгіёнах.

Валюты па-ранейшаму не хапае. У некаторых абменных пунктах прадаюць толькі набытую раней валюту, асобныя абменьнікі наогул не працуюць.

Надзея Ермакова кажа, што дэфіцыт наяўнай валюты ўтварыўся з-за рэзкага павелічэньня попыту: з пачатку сьнежня ён вырас больш чым у 7 разоў. Калі ў лістападзе попыт на наяўную валюту ў сярэднім у дзень складаў каля 5 мільёнаў даляраў у эквіваленце, то 16 снежня — ужо 33 млн, 17 снежня — 66 млн, а 18 сьнежня — 80 млн. Да такога рэзкага зьмяненьня сытуацыі банкі апынуліся проста не гатовыя. Але ў хуткім часе, запэўнівае Ермакова, праблема будзе вырашана.

«Мы ўжо цэнтралізавана замовілі валюту. На наступным тыдні яна ў дастатковай колькасьці зьявіцца ў абменьніках. У панядзелак-аўторак сытуацыя з наяўнымі павінна нармалізавацца», — сказала Надзея Ермакова.

Улічваючы абставіны, Нацбанк рэкамендаваў камэрцыйным банкам не адчыняць заўтра абменныя пункты, у якіх не хапае наяўнай валюты. «Каб і людзей не бянтэжыць лішні раз, і касіры маглі адпачыць», — адзначыла Надзея Ермакова.

Радыё Свабода, 20 сьнежня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/777/28738
Текущая дата: 16.11.2024