Такое меркаванне выказаў дырэктар Інстытута эканомікі НАН Беларусі доктар эканамічных навук, прафесар Аляксей Дайнека.
Такая мера, як 30-працэнтны збор пры куплі валюты, у Беларусі хутка не спатрэбіцца, паколькі сваю функцыю яна выканала.
"Нам гэта мера ў бліжэйшым будучым, думаю, не спатрэбіцца, паколькі сваю функцыю выканала - апошнія 3-5 дзён яна выступіла як заслона для таго, каб людзі не вывозілі валюту з краіны", - сказаў эксперт.
Аляксей Дайнека звярнуў увагу, што ўвядзенне 30-працэнтнага збору - часовая мера ў эканоміцы, якая выклікана рэзкім адтокам валюты з рэспублікі. Гэта было звязана з тым, што насельніцтва ў вялікіх аб`ёмах пачало скупляць долары для набыцця тавараў у Расіі, дзе з-за дэвальвацыі цэны знізіліся. "Зразумела, што людзі захацелі падзарабіць, але калі пачаўся сур`ёзны адток валюты з золатавалютных рэзерваў, гэта на дзяржаўным узроўні спынілі. У Расіі сітуацыя ўжо стабілізуецца, долар пачаў аслабляцца да расійскага рубля. Адпаведна, цэны ў валюце там будуць расці", - адзначыў прафесар.
На думку Аляксея Дайнекі, падстаў для панікі ў беларускага насельніцтва няма. Ён выказаў меркаванне, што новая мера будзе адменена раней, чым 1 лютага будучага года. "Яна ўведзена менавіта да гэтай даты, але відаць, што ў Расіі сітуацыя змяняецца ў лепшы бок. Так, долар каштаваў і 80 расійскіх рублёў, але цяпер усё ідзе да 50. Такая лічба закладзена ў бюджэце, і да гэтага курса Расія гатова", - канстатаваў эксперт.
Адказваючы на пытанне, як закране новаўвядзенне прамысловасць і бізнес, Аляксей Дайнека падкрэсліў, што на гэтыя сектары ў кароткатэрміновай перспектыве яно ніякага ўплыву не акажа. "Таму што выбраны былі менавіта святочныя дні, паколькі многія прадпрыемствы ідуць на навагоднія і калядныя канікулы. Заводы і ўсе астатнія, уключаючы нас з вамі, як працавалі, так і працуюць, вытворчасць не спыняецца, паслугі насельніцтву ў краіне аказваюць", - дадаў ён.
На думку прафесара, новая мера не мае ні плюсоў, ні мінусаў. "Яна накіравана як вектар на вырашэнне пэўнай праблемы. Праблема вырашана. Далей сітуацыю ў Беларусі будуць маніторыць, і калі яна канчаткова стабілізуецца, новаўвядзенне будзе адменена", - рэзюмаваў Аляксей Дайнека.
Нацбанк Беларусі 19 снежня заявіў аб увядзенні ў краіне часовага 30-працэнтнага збору пры куплі валюты юрыдычнымі і фізічнымі асобамі. Такое рашэнне прынята з улікам узросшага попыту на долары і еўра на ўнутраным валютным рынку. Прадпрыемствы і банкі будуць выплачваць збор пры куплі валюты на біржы, грамадзяне - у выглядзе камісіі ў банках. Выплачаныя сродкі накіруюць у бюджэт. Акрамя таго, усе буйныя беларускія банкі ўводзяць тэрміновы гарантаваны ашчадны ўклад з механізмам індэксацыі рублёвых зберажэнняў пры змяненні абменнага курса беларускага рубля. На думку Нацбанка, пералічаныя меры дадуць магчымасць збалансаваць валютны рынак і не дапусціць росту спекуляцыйных настрояў.
БЕЛТА, 24 снежня 2014
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/777/28749
Текущая дата: 16.11.2024