Супрацоўнікамі сталічнага наркакантролю закрыты спайсавы інтэрнэт-магазін, перакрыты канал пастаўкі псіхатропаў і ліквідавана наркалабараторыя.
Як паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама, інтэрнэт-магазінам валодалі двое маладых людзей 29 і 23 гадоў, 25-гадовы фігурант ажыццяўляў закладкі міксаў у розных раёнах Мінска.
Першымі ў поле зроку міліцыі трапілі ўладальнікі магазіна, якія былі затрыманы ў адзін дзень. У ходзе вобыску ў падвале дома старэйшага фігуранта па вуліцы Прушынскіх было знойдзена і канфіскавана каля 50 г спайсаў, а таксама прыстасаванні для іх вырабу. Мужчына раней неаднаразова судзімы, у тым ліку за хуліганства, разбой, выкраданне.
У выніку правядзення аператыўных мерапрыемстваў праваахоўнікі затрымалі і трэцяга фігуранта — закладчыка псіхатропу. Малады чалавек адразу прызнаўся, што ажыццяўляў закладкі ў розных раёнах горада. Ён паведаміў, што пры сабе мае курыльны мікс, які збіраўся ўжыць пазней.
Затрыманы расказаў аб чацвёртым саўдзельніку, які дапамагаў ажыццяўляць закладкі. Гэта 17-гадовы навучэнец сталічнага каледжа, ён таксама затрыманы. Непаўналетні ўказаў адрас апошняй зробленай ім закладкі на вуліцы Ляшчынскага.
На гэты момант выяўлена 30 тайнікоў, у кожным з якіх канфіскавана ад 2,5 да 5 г псіхатропу.
У дачыненні да ўладальнікаў інтэрнэт-магазіна распачата справа па п. 4.1 дэкрэта прэзідэнта № 6 ад 28 снежня 2014 года. Канфіскаваны аўтамабілі "БМВ 230" і "Аўдзі A5". Праводзіцца праверка.
Супрацоўнікі сталічнага наркакантролю таксама затрымалі 28-гадовага мінчаніна і яго 22-гадовую сяброўку, якія арганізавалі пастаўку псіхатропных рэчываў у Беларусь. Малады чалавек працуе спецыялістам аддзела забеспячэння на адным са сталічных заводаў, дзяўчына — беспрацоўная. У ходзе вобыску ў іх аўтамабілі "Фольксваген" было выяўлена і канфіскавана каля 50 г амфетаміну. Распачата крымінальная справа.
У ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў сталічныя наркакантралёры ліквідавалі лабараторыю па вытворчасці псіхатропных рэчываў, якую арганізаваў 27-гадовы мінчанін у сваім доме па Меліярацыйным завулку. Было знойдзена і канфіскавана каля 4 г параметылэфедрону (па адмоўным уздзеянні падобны на амфетамін і экстазі) і лабараторны посуд. Распачата крымінальная справа.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 2 лютага 2015
Мінск, 2 лютага 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/777/29420
Текущая дата: 27.12.2024