Новыя шэдэўры ў банкаўскай калекцыі — эскізы Бакста, літаграфія Пікаса і скульптуры Аскара Мешчанінава.
Дзякуючы высілкам неабыякавых людзей і арганізацый, у Беларусь працягваюць вяртацца бясцэнныя мастацкія артэфакты. Апошнім часам ці не найбольш актыўны ў гэтым кірунку — «Белгазпрамбанк» на чале са старшынём праўленьня Віктарам Бабарыкам.
«Белгазпрамбанк» працягвае рэалізацыю карпаратыўнага праекту «Арт-Беларусь», адна з задач якога — вяртаньне ў краіну культурных каштоўнасьцяў. Гэтым разам позірк быў кінуты на творчасьць вялікага тэатральнага мастака Лявона Бакста, які нарадзіўся ў Горадні ў 1866 годзе. У прыватнага калекцыянэра набыты альбом графічных шэдэўраў майстра «Творы Лявона Бакста для балета „Прыгажуня ў сонным лесе“».
Фаліянт, выдадзены накладам у 500 асобнікаў, ня толькі зьяўляецца бібліяграфічнай рэдкасьцю, але і мае безумоўную мастацкую каштоўнасьць. У склад альбома ўваходзяць 54 каляровыя адбіткі (храматыпіі) з тэатральнымі эскізамі Бакста, а таксама літаграфія Пабла Пікаса «Партрэт Лявона Бакста». Асобнік, які знаходзіцца цяпер ва ўласнасці «Белгазпрамбанка», упрыгожаны пэрсанальным аўтографам Бакста.
Альбом «Творы Лявона Бакста для балета „Прыгажуня ў сонным лесе“» быў выдадзены ў 1922 годзе ў Парыжы ўсьлед за трыюмфам тэатральнай трупы Сяргея Дзягілева, якая ажыцьцявіла годам раней бліскучую пастаноўку гэтага балету Пятра Чайкоўскага. Пастаноўка мела на мэце паказаць Эўропе ўзор клясычнай пецярбурскай балетнай школы, дзеля чаго была адноўлена харэаграфія легендарнага Марыюса Петыпа. Гэта быў апошні вопыт сумеснага супрацоўніцтва Дзягілева і Бакста, які прынёс рускаму балету ўсясьветнае прызнаньне.
Цяпер эскізы касьцюмаў і дэкарацый Лявона Бакста для балету «Прыгажуня ў сонным лесе», якія без малога стагодзьдзе таму заваявалі Эўропу, вярнуліся на радзіму свайго стваральніка.
Лявон Бакст (1866, Горадня — 1924, Парыж). Выбітны мастак «Срэбнага стагодзьдзя», адзін з заснавальнікаў аб’яднаньня «Свет мастацтва». Атрымаў усясьветнае прызнаньне як тэатральны мастак, дзякуючы супрацоўніцтву з балетным імпрэсарыа Сяргеем Дзягілевым. Аформленыя Бакстам спэктаклі «Рускіх сэзонаў» Дзягілева дзівілі гледачоў сваёй фантазіяй, казачнай раскошай, вытанчанасьцю строяў, новымі і сьмелымі спалучэннямі фарбаў.
Яшчэ адно новае імя ў калекцыі «Белгазпрамбанка» — Аскар Мешчанінаў.
Бронзавая скульптура Мешчанінава «Мужчына зь мёртвым дзіцём» (1952) набытая ў прыватнага калекцыянэра. Гэта першы вернуты ў Беларусь твор усясьветна вядомага скульптара, народжанага ў Віцебску ў 1884 годзе. Набытак зьяўляецца значным для далейшага фармаваньня калекцыі твораў мастакоў Парыскай школы, нараджэнцаў Беларусі, што ёсьць складовай часткай нацыянальнага гісторыка-культуралягічнага праекта «Арт-Беларусь».
«Мужчына зь мёртвым дзіцём» — адна з апошніх працаў Мешчанінава. Скульптура прысьвечана трагедыі Халакосту і выканана ва неўласцівай для мастака экспрэсіўнай манэры. Па словах крытыка Вальдэмара Жоржа, «Мужчына зь мёртвым дзіцём» — гэта «лебядзіная песьня Аскара Мешчанінава, прасякнутая гуманізмам і бедамі вайны». Адна зь нешматлікіх копій працы Мешчанінава «Мужчына зь мёртвым дзіцём» упрыгожвае збор Музэя Тэль-Авіва ў Ізраілі.
Беларускія спэцыялісты, у сваю чаргу, адзначаюць ідэйнае падабенства гэтай працы зь вядомым манумэнтам Сяргея Селіханава «Нескароны чалавек», які ўсталяваны ў цэнтры Хатынскага мэмарыялу.
Аскар Мешчанінаў (1884, Віцебск — 1956, Лос-Анджэлес). Скульптар, прадстаўнік Парыскай школы. Вучыўся ў школе Ю́дэля Пэна ў Віцебску, у францускіх скульптараў у Парыжы, атрымаў прызнанне ў Эўропе і ЗША. Сябраваў і шчыльна супрацоўнічаў з Амэдэо Мадыльяні, Хаімам Суціным, Дыега Рыверам, якія пісалі яго жывапісныя партрэты.
Радыё Свабода, 31 студзеня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/778/29351
Текущая дата: 27.12.2024