Белорусский портал в Казахстане

Беларуская чыгунка за 2013 год і 10 месяцаў 2014 года перавезла 178 млн. пасажыраў і амаль 260 млн. тон грузаў



Пра гэта перадае прэс-служба беларускай магістралі.

Беларуская чыгунка за 2013 год і 10 месяцаў 2014 года перавезла 178 млн. пасажыраў і амаль 260 млн. тон грузаў, паведаміў 12 лістапада ў Мінску на трэцім злёце машыністаў начальнік БЧ Уладзімір Марозаў. Такім чынам ён падвёў вынікі працы чыгункі з папярэдняга злёту ў 2012 годзе. 

Паводле слоў Марозава, за гэты перыяд больш як 84 млн. т грузаў перавезена транзітам. Пагрузка склала амаль 150 млн. т. 

У 2014 годзе Беларуская чыгунка на высокім узроўні забяспечыла перавозку гасцей і ўдзельнікаў чэмпіянату свету па хакеі, заявіў ён. Новае аблічча прынялі вакзалы ў Брэсце і Гродне. Завяршаецца другая чарга рэканструкцыі станцыі Мінск-Пасажырскі, што павялічыць яе прапускную здольнасць. З чэрвеня гэтага года на ўчастках з інтэнсіўным пасажырапатокам Мінск — Баранавічы — Брэст і Мінск — Орша ўжо курсуюць электрацягнікі рэгіянальных ліній павышанага камфорту ў пяцівагонным выкананні. Па маршруце Мінск — Вільнюс сталі курсаваць трохвагонныя дызель-цягнікі новага пакалення. З летняга графіка паскораны рух пасажырскіх цягнікоў паміж сталіцай і абласнымі цэнтрамі — Брэстам, Гомелем і Віцебскам. 7 лістапада адкрытыя пасажырскія чыгуначныя зносіны паміж станцыяй Мінск-Пасажырскі і нацыянальным аэрапортам Мінск. 

На думку начальніка БЧ, вялікая праца ў 2013—2014 гадах праведзеная па абнаўленні, мадэрнізацыі і капітальным рамонце парка цягавага і маторвагоннага рухомага саставу, грузавых і пасажырскіх вагонаў. За гэты перыяд было набыта: шэсць грузавых электравозаў; адзін пасажырскі цеплавоз; шэсць электрацягнікоў рэгіянальных ліній; шэсць дызель-цягнікоў. Закуплена 2.223 грузавыя вагоны. У лакаматыўным дэпо "Ліда" выраблены 19 манеўровых цеплавозаў і 11 цеплавозаў. 

Кажучы пра найбліжэйшыя перспектывы развіцця БЧ, Марозаў падкрэсліў, што важна завяршыць рэалізацыю інвестыцыйных праектаў па электрыфікацыі чыгуначных ліній на ўчастку Гомель — Жлобін і Жлобін — Калінкавічы, а таксама на ўчастку Маладзечна — Гудагай — дзяржмяжа.

Ён таксама адзначыў перспектыўнасць развіцця перавозак грузаў спецыялізаванымі кантэйнернымі цягнікамі, для чаго неабходна ствараць максімальна прыцягальныя ўмовы. 

Трэці злёт машыністаў праходзіць з 12 па 14 лістапада ў пяці гарадах Беларусі: Мінску, Баранавічах, Брэсце, Гомелі, Віцебску. У ім бяруць удзел больш як 250 спецыялістаў. Прадстаўленыя ўсе 17 лакаматыўных дэпо беларускай магістралі. 

На Беларускай чыгунцы працуюць больш як 6 тысяч работнікаў лакаматыўных брыгад, з якіх 3,6 тысячы — машыністы. З іх амаль 40% маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Больш як 74% маюць страж працы звыш 10 гадоў, а 40% — звыш 20 гадоў.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 12 лістапада 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/784/28171
Текущая дата: 16.11.2024