Белорусский портал в Казахстане

У Менску 6 лістапада зафіксаваная самая высокая тэмпэратура паветра з 1930 г.



Другі дзень запар у Беларусі абнаўляюцца тэмпературныя рэкорды.

У Беларусі зноў пабіты тэмпэратурны рэкорд дня, у Менску абноўлены максымум 84-гадовай даўніны. Другі дзень запар у Беларусі абнаўляюцца тэмпературныя рэкорды.

Новы абсалютны максымум 6 лістапада складае +20,5 градусы, пра што сьведчыць тэмпэратурная мапа надвор’евага рэсурсу meteoinfo.by. Такая тэмпэратура была зарэгістраваная на мэтэастанцыі «Палеская» ў Берасьцейскай вобласьці. Ранейшы рэкорд дня перавышаны на 4,8 градусы (15,7 ў 1976 годзе ў Берасьці).

На самой «Палескай» новы максымум апынуўся вышэйшы за стары адразу на 8 градусаў (12,5 у 1996 годзе), аднак абсалютны рэкорд лістапада на мэтэастанцыі выстаяў (20,7 градусаў 17 лістапада 2002).

Зноў абнавіліся рэкорды ў Берасьці (17,4 градусы) і Горадні (15,3 супраць 13 ў 1960 годзе). У чацьвер да іх далучыўся Менск, дзе быў пабіты рэкорд 84-гадовай даўніны — 14,5 градусы супраць 12,4 (6 лістапада 1930 г.). Сярод усіх лістападаўскіх максымумаў у сталіцы гэты заняў трэцяе месца пасьля 16 градусаў 1 лістапада 1926 і 15,8 градусаў 17 лістапада 2002.

Нашмат халадней было ў паўднёва-ўсходніх раёнах краіны. У Гомелі было не вышэй за 7,1 градуса.

У бліжэйшыя дні стане на пару градусаў халадней, аднак цёплае надвор’е ў цэлым захаваецца.

Варта адзначыць, што менш за два тыдні таму сыноптыкі рэгістравалі па начах новыя абсалютныя мінімумы.

Радыё Свабода, 7 лістапада 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/786/28060
Текущая дата: 16.11.2024