Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка: Я вельмі баюся прышлых алігархаў



Дзяржава будзе і надалей кантраляваць працу акцыянаваных прадпрыемстваў, нават калі яны знаходзяцца ў прыватнай уласнасці.

Такая сутнасць заяў, што прагучалі на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам украінскай кампаніі "Мотар Січ" 16 кастрычніка ў Мінску.

Акцыянернае таварыства "Мотар Січ" выпускае авіяцыйныя рухавікі і газатурбінныя ўстаноўкі. Прадукцыя кампаніі эксплуатуецца на самалётах і верталётах рознага прызначэння больш чым у 100 краінах свету. 

Паводле слоў Лукашэнкі, ён запрасіў кіраўніцтва ўкраінскай кампаніі, каб з першых вуснаў пачуць аб задумах і перспектывах працы АТ "Мотар Січ" у Беларусі, а таксама вырашыць лёс Аршанскага авіярамонтнага завода, у савет дырэктараў якога ўваходзіць кіраўніцтва "Мотар Січ". Лукашэнка заявіў, што яго непакоіць праца гэтага прадпрыемства. 

"Калі б вы прыйшлі на гэта прадпрыемства перакантавацца, як у нас казалі, ці перажыць нейкія часы, або зрабіць яшчэ штосьці другараднае, і не было перспектывы (не мае значэння, гэта акцыянернае таварыства ці не, набылі яго ці не набылі), у нас ёсць жорсткі вопыт паводзін з такімі акцыянерамі і такімі "прышэльцамі". Мы з імі разрывалі адносіны, нават з амерыканскімі кампаніямі. Шуму, гвалту было шмат, але ўсе разумелі, што мы мелі рацыю", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. 

"Вы, вядома, можаце падумаць, што я не рыначна разважаю, бо прадпрыемства прыватнае, — дадаў ён. — Ведаеце, калі б вы яго стваралі з нуля, магчыма, я б не ўмешваўся ў пытанні дзейнасці прадпрыемства, за выключэннем правоў работнікаў, у тым ліку кіраўнікоў. Вось іх правы: яны павінны працаваць, атрымліваць заслужаную заработную плату, іх ніхто не павінен крыўдзіць. І каб прадпрыемства працавала па законе. Усё. Далей я нікуды не ўмешваюся, калі гэта прыватнае прадпрыемства, створанае сваімі рукамі". Але аршанскі завод "быў створаны народам", а затым акцыянаваны, падкрэсліў Лукашэнка. 

"Я вельмі баюся прышлых алігархаў, вельмі баюся, каб гэтыя алігархі ў нас, не дай Бог, не з`явіліся, дый не пачалі кіраваць краінай, як гэта прынята, не будзем указваць пальцам, у іншых дзяржавах. Таму я вельмі асцярожна да гэтага пытання стаўлюся", — заявіў кіраўнік дзяржавы. 

Пры гэтым ён паабяцаў АТ "Мотар Січ" усялякую падтрымку ў выпадку дамоўленасці", паведамляе прэс-служба. "Толькі вы мне заўсёды павінны казаць праўду, што вы можаце, што не можаце, — сказаў Лукашэнка. — Вы павінны ведаць маю ідэалогію і мой падыход да гэтых пытанняў. Калі ў вас будуць нейкія пытанні, вы мне іх задайце, але калі мы з вамі вызначымся і дамовімся будаваць адносіны зыходзячы менавіта з гэтых ідэалагічных пастулатаў, то мы заўсёды будзем працаваць паспяхова, і вы ніколі не будзеце мець праблем у Беларусі. Гэта я вам гарантую". 

Ён дадаў, што ў дачыненні да Аршанскага авіярамонтнага завода "у яго ёсць і асабісты момант". "Калі саюз (СССР — БелаПАН.) разваліўся, мне прапаноўвалі там усё закрыць, разабраць і разваліць. Але, можа, і асабістае нешта адыграла, я сказаў: не. Я яго захаваў і хачу, каб гэта прадпрыемства і гэты аэрадром развіваліся", — падкрэсліў Лукашэнка. 

Ён таксама заявіў аб гатоўнасці прыняць усіх украінцаў, якія хочуць жыць і працаваць у Беларусі. "Вось цяжкавата недзе ва Украіне, трэба праз Беларусь працаваць з Расіяй. Я гэта нават не ўтойваю, гэта правільна. Я і прэзідэнту Расіі сказаў: "Буду запрашаць усіх украінцаў, якія да мяне прыедуць, жыць, працаваць з намі, праз нас з вамі. І вы павінны гэта разумець". І адарвання гэтага не было", — сказаў Лукашэнка. 

Паводле яго слоў, ведае пра гэта і кіраўніцтва Украіны — і былое, і цяперашняе. "Я ім прама пра гэта таксама казаў. І калі яны спрабавалі са мной спрачацца, я вельмі жорстка на гэта рэагаваў", — сказаў Лукашэнка. 

Мінск, 16 кастрычніка 2014
БелаПАН

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/789/27777
Текущая дата: 16.11.2024