У Тураве (Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласці) 28 верасня адбудзецца пяты Фестываль кулікоў, закліканы звярнуць увагу на Тураўскі луг.
Арганізатарамі фестывалю выступілі грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" і Тураўскі гарадскі выканаўчы камітэт.
Адкрыццё фестывалю адбудзецца ў 11 гадзін, з 11.30 да 13.30 арганізатары запрашаюць на свята "Гаспадар Тураўскага луга", дзе пройдзе конкурс прывітанняў школьных каманд "Кулiчынае прывiтанне", дэфіле "Кулiчыная мода" і канцэрт "Песні Тураўскага балоння" з удзелам гурту Vuraj.
"Упершыню ў рамках фестывалю пройдзе мастацкі пленэр "Фарбы Тураўскага луга". У ім возьмуць удзел вучні Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў і школы мастацтваў з Турава. Дзеці будуць маляваць унікальныя пейзажы Тураўшчыны", — сказала каардынатар фестывалю Лідзія Пшаніцына.
Акрамя таго, у рамках фестывалю пройдуць спартыўныя конкурсы, інтэлектуальныя віктарыны і майстар-класы.
Тураўскі луг з`яўляецца адным з найбольш важных месцаў для гнездавання і прыпынку падчас міграцый больш як 50 відаў водна-балотных птушак. Яму прысвоены міжнародны статус "тэрыторыі, важнай для птушак", а таксама статус біялагічнага заказніка.
На Тураўскім лузе знаходзіцца найбуйнейшае ў Беларусі стабільнае паселішча занесенага ў Чырвоную кнігу аднаго з відаў куліка — марадункі, у гонар якога ў 2009 годзе ў горадзе быў устаноўлены адзіны ў свеце помнік. У сакавіку 2014 года арнітолагі ўстанавілі на Тураўскім лузе абсалютны рэкорд улічаных птушак: 200 тысяч асобін на 1 квадратным кіламетры.
Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 27 верасня 2014
Мінск, 27 верасня 2014
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/791/27624
Текущая дата: 16.11.2024