Белорусский портал в Казахстане

Інвестары нерэнтабельных гаспадарак у Беларусі атрымаюць падатковыя льготы



Гэта прадугледжана ўказам нумар 348 ад 17 ліпеня 2014 года, які афіцыйна апублікаваны 23 ліпеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Юрыдычныя асобы, якія набылі правы і абавязкі сельскагаспадарчых арганізацый, маюць права на працягу чатырох каляндарных гадоў змяншаць падатковую базу падатку на прыбытак. Пунктам адліку з`яўляецца год, калі была праведзена дзяржаўная рэгістрацыя юрыдычнай асобы, бязвыплатнай перадачы прадпрыемства як маёмаснага комплексу сельскагаспадарчай арганізацыі, а таксама ўнясення ў Адзіны дзяржрэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў запісу аб спыненні дзейнасці сельскагаспадарчай арганізацыі.

Змяншаць падатковую базу падатку на прыбытак інвестар зможа на суму сродкаў, накіраваную, напрыклад, на набыццё сыравіны, сельскагаспадарчай тэхнікі, абсталявання і запасных частак да яго, спецыялізаваных капітальных будынкаў (збудаванняў) сельскагаспадарчага прызначэння, іншай маёмасці, непасрэдна звязанай з вытворчасцю прадукцыі раслінаводства, жывёлагадоўлі, пчалярства, рыбаводства. Пры ўмове бязвыплатнай перадачы гэтай маёмасці арганізацыям і філіялам, створаным на базе набытых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Падатковая база падатку на прыбытак таксама можа быць зменшана за кошт сродкаў, накіраваных на будаўніцтва ў створаных арганізацыях і філіялах будынкаў, збудаванняў спецыялізаванага сельскагаспадарчага прызначэння, на мадэрнізацыю і рэканструкцыю сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання. Улічваюцца таксама сродкі, бязвыплатна перададзеныя арганізацыям і філіялам для выканання згаданых работ, набыцця сыравіны, сельскагаспадарчай тэхнікі.

Акрамя таго, ва ўказе гаворыцца, што абароты па рэалізацыі з 1 студзеня 2014 года па 31 снежня 2016 года прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў сельскагаспадарчых арганізацый не прызнаюцца аб`ектамі падаткаабкладання падаткам на дабаўленую вартасць. Кошт бязвыплатна атрыманых у гэты перыяд прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў сельскагаспадарчых арганізацый не ўключаецца ў склад пазарэалізацыйных даходаў юрыдычных асоб, якія набылі правы і абавязкі сельскагаспадарчых арганізацый, для мэт падаткаабкладання.

23 ліпеня 2014, Мінск
Святлана Саўко - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/799/26780
Текущая дата: 16.11.2024